Фота: Вадзім Саранчукоў

У межах агульнанацыянальнай кампаніі дапамогі медыкам гродзенскія валанцёры перадалі тром шпіталям паўтары тысячы медыцынскіх масак. На працягу тыдня іх задача – пашырыць дапамогу не толькі медыкам, але і гараджанам, а таксама папоўніць свае шэрагі.

Адзін з актывістаў руху Вадзім Саранчукоў распавёў “Народнай Волі”, што касцяк валанцёрскага руху ў Гродне складаецца пакуль толькі з яго аднадумцаў. Тым не менш, у межах агульнанцыянальнай кампані яны распачалі збор сродкаў для дапамогі медыкам.

“Мы добра разумеем, што медыкі гэта тыя людзі, якія абараняюць усіх нас у супрацьстаянні з каранавірусам, – падкрэслівае Саранчукоў. – А таму яны павінны быць самі найлепш абароненыя”.

Менавіта таму першыя сродкі, якія былі сабраныя праз інтэрнэт, адразу скіраваныя на набыццё медыцынскіх масак.

“Нам былі вельмі ўдзячныя ва ўсіх шпіталях за такую дапамогу, – кажа Саранчукоў. – Хаця мы добра разумеем, што пакуль гэта кропля ў моры”.

Паводле Саранчукова, за бліжэйшы тыдзень у іх у планах не толькі збіраць сродкі на дапамогу медыкам, але і аказваць дапамогу асабліва сталым людзям. З яго слоў, валанцёры не павінны складаць канкурэнцыю сацыяльным службам горада, паколькі шмат сталых людзей ёсць, якія дапамогай сацыяльных работнікаў не ахопленыя.

“З таго, што прадказваецца спецыялістамі, пік пандэміі ў Беларусі павінен пачацца праз тыдзень, а таму мы максімальна павінны да гэтага падрыхтавацца, – гаворыць Саранчукоў. – А таму праз сацыяльныя сеткі заклікаю ўсіх неабыякавых гродзенцаў далучацца да нашага валанцёрскага руху і аказваць пасільную дапамогу жыхарам нашага горада”.

Збор сродкаў на дапамогу медыкам: https://molamola.by/cmp/7Df

Поделиться: