Хвіліна славы

116
Фото https://fakty.com.ua

У краіне ўжо прайшлі два туры чэмпіянату Беларусі па футболе, і беларускія футбольныя функцыянеры нарэшце злавілі сваю хвіліну славы. Не, зборная Беларусі пакуль сенсацыйна не перамагае грандаў еўрапейскага першынства і не выйшла на чэмпіянат Еўропы. Пакуль не стаяць у чарзе і зоркі еўрапейскага футбола, з тым каб патрапіць хаця б у які-небудзь клуб нашага нацыянальнага першынства. Да такіх поспехаў нам яшчэ, прабачце, як да Кітая ракам, але, як кажуць, не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло.

Каранавірус, які зараз упэўнена крочыць па ўсёй планеце, прыпыніў практычна ўсе спартыўныя спаборніцтвы ва ўсім свеце. Футбольны матч 19 лютага ў Мілане, калі ў Лізе чэмпіёнаў сустракаліся італьянская «Аталанта» і іспанская «Валенсія», і наогул назвалі «біялагічнай бомбай» і пачаткам маштабнай эпідэміі ў Італіі, дзе сёння штодзень паміраюць сотні чалавек.

Зрэшты, Беларусь – своеасаблівая краіна, у якой спартыўныя чыноўнікі так арганічна ўпісаны ў агульную дзяржаўную сістэму, што іх дзеянні ніяк не могуць разыходзіцца з «лініяй партыі». Не могуць тыя ж футбольныя функцыянеры па сваёй ініцыятыве спыніць першынство, бо ў выніку са свайго крэсла можна вылецець з хуткасцю мяча, па якім б’е Раналду.

«У краіне не такая абстаноўка, што нам трэба ўсё спыняць, – аптымістычна заявіў by.tribuna.com кіраўнік Беларускай федэрацыі футбола Уладзімір Базанаў. – Навошта нагнятаць абстаноўку? Думаю, калі б нешта было не так, нам бы з той жа Адміністрацыі прэзідэнта сказалі: «Хлопцы, вы глупствам не займайцеся. Спыніце». Нас бы паправілі».

Адным словам, Адміністрацыя прэзідэнта сказала: «Паехалі!» Антысептыкі на стадыёны завезлі, інструкцыі для балельшчыкаў, як не захварэць на каранавірус, – на сайце федэрацыі. А значыцца, усе ў поўнай бяспецы.

Перасцярогі, безумоўна, ёсць, але футбольныя чыноўнікі вырашылі, вобразна кажучы:
паміраць, дык з музыкай. Таму зараз пры абсалютным дэфіцыце футбола ў свеце (сёння праводзяцца толькі два чэмпіянаты па футболе – у Беларусі і Нікарагуа) можна крыху і зарабіць на гэтым.

Правы на паказ матчаў беларускага нацыянальнага першынства ўжо набылі казахстанскі тэлеканал QazSport, расійскі «Матч ТВ», украінскі Sport 1, балканскі вяшчальнік Sport Klub 1, ізраільскі Sport 5. Грошы пайшлі!

Праўда, у хуткім часе, мяркую, мы даведаемся, ці вартая была гульня свечак. Напрыклад, італьянскія медыкі падазраюць, што футбалістам, якія перанеслі каранавірус, у далейшым могуць пагражаць праблемы з сэрцам і датэрміновае завяршэнне кар’еры. Яны проста не вытрымаюць ранейшага аб’ёму нагрузак.

Але каго гэта цікавіць, калі сёння, паводле слоў таго ж Базанава, «няма нагоды нешта спыняць»? Тым больш калі пра чэмпіянат Беларусі па футболе пішуць не толькі ў Еўропе, але і ў Амерыцы, і ў Аўстраліі. Хвіліна славы!

Тым часам балельшчыкі гродзенскага «Нёмана» і некаторых іншых каманд заклікалі аматараў футбола не хадзіць на стадыёны, а федэрацыю – спыніць чэмпіянат. Хаця ў апошнім туры сярэдняя наведвальнасць матчаў была не такая і малая – у сярэднім каля тысячы чалавек прыходзілі на маты ў розных гарадах Беларусі.

Сёння пачынаюцца матчы 3-га тура. Прыгожыя матчы – гэта, безумоўна, добра, але ці не забіваем мы гол у свае вароты? Час пакажа.

***

Газета “Народная Воля” № 27 (4485)


Няма запісаў для адлюстравання