Ілюстрацыйны здымак. Фота http://yur-gazeta.ru

Бацькі дзяцей адной з гродзенскіх гімназій сабралі подпісы пад пісьмовым зваротам да Упраўлення адукацыі з просьбай перавесці дзяцей на час пандэміі каранавіруса на дыстанцыйнае навучанне. Настаўнікі гімназіі лічаць, што для гэтага не гатова тэхнічная база, хаця прытрымліваюцца думкі, што традыцыйнае навучанне ў гэты перыяд з’яўляецца небяспечным. Ва Упраўленні адукацыі адказваюць, што школьнікі па ранейшаму працягнуць заняткі.

У бацькоў свае аргументы

У сваім звароце да чыноўнікаў бацькі канстатуюць, што большасць дзяцей дабіраюцца ў школы на грамадскім транспарце. У школе пераходзяць з кабінета ў кабінет, ходзяць у сталоўку і басейн, а пасля школы вяртаюцца ў сем’і, дзе ў многіх жывуць сталыя бабулі і дзядулі.

“Мы просім часова ўвесці ў нашай гімназіі дыстанцыйнае навучанне, альбо хадайнічаем перад Міністэрствам адукацыі Беларусі аб працягу школьных канікул”, — гаворыцца ў звароце.

Паколькі бацькам дазволена зараз пісаць заявы і не пускаць дзяцей у школу, многіх турбуе тое, што калі нават большасць не будуць наведваць заняткі, а некалькі чалавек стануць прысутнічаць на іх, то будзе лічыцца, што новыя тэмы пройдзеныя.

“Тады большасць нашых дзяцей моцна адстане па тэмах, а гэта ізноў праблемы”, — канстатуецца ў звароце.

Настаўнікі: “Мы не гатовыя да дыстанцыйнага навучання”

Адзін з гродзенскіх парталаў правёў апытанне сярод настаўнікаў гімназіі наконт таго, што яны думаюць адносна дыстанцыйнага навучання.

Адказы ў прынцыпе зводзяцца да таго, што “мы не гатовыя да гэтага. Не таму, што не хочам, а таму, што для прыгатавання да гэтага мала часу: сабраць інфармацыю, наладзіць працэс”.

Альбо: “У нас папросту няма тэхнічнай магчымасці. Мы ўсё разумеем , але не можам змяніць сітуацыю. У нас няма нават спецыяльных праграм. Сітуацыя страшная і мы, настаўнікі, самі яе закладнікі”.

Самым разумным што можа быць у гэтай сітуацыі — гродзенскія настаўнікі прапануюць працягнуць канікулы, альбо скараціць вучэбныя часы.

“У нас пакуль няма іншага загаду…”

Загадчык Упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык патлумачыў “Народнай Волі”, што некаторыя з настаўнікаў вобласці могуць і ўжо займаюцца дыстанцыйным навучаннем з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій. Значная работа ў гэтым кірунку, паводле яго, вядзецца зараз і інстытутам развіцця адукацыі.

“Ёсць сёння стрымінгавыя серверы, ёсць ютуб, якія можна для гэтага выкарыстоўваць, ёсць такія дадаткі, як зум, якія можна выкарыстоўваць як навучальную пляцоўку адначасова для 100 чалавек. На гэтым тыдні група нашых спецыялістаў рыхтуе інструкцыю для настаўнікаў усёй вобласці як выкарыстоўваць гэтыя сервісы для таго, каб праводзіць асобныя заняткі з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій”.

Са слоў кіраўніка Упраўлення адукацыі, гэта можна вельмі хутка ўкараніць у практыку, тым больш што многія педагогі ў вобласці такім чынам ужо праводзяць дыстанцыйнае навучанне.

Што датычыць тэхнічнай базы, пра адсутнасць якой у школах кажуць настаўнікі, то Руслан Абрамчык адказвае проста.

“Уся падобная база абмяжоўваецца наяўнасцю кампутара, падключанага да інтэрнэта. А такія магчымасці ёсць у кожнай школе вобласці, — канстатуе чыноўнік. – І не абавязкова даваць усе ўрокі анлайн, некаторыя матэрыялы можна даваць вучням і для самастойнага вывучэння”.

Адносна таго, што адказвалі настаўнікі пра немагчымасць наладзіць дыстанцыйнае навучанне, спадар Абрамчык карэктна заўважае, што падобныя думкі маюць месца, але маўляў, будзем з гэтым працаваць.

А рашэнне аб змене формы навучальнага працэсу прымае толькі Міністэрства адукацыі Беларусі.