Гомель. Фота аўтара.

У трэнера Гомельскай спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву №4 дыягнаставалі каранавірус. Гэта пяты афіцыйна пацверджаны ў рэгіёне выпадак захворвання на COVID-19. 47-гадовы трэнер па акрабатыцы не ездзіў за мяжу, але меў стасункі з акрабатамі, якія вярнуліся ў сакавіку з чэмпіянату ў Партугаліі. Трэнера шпіталізавалі ў інфекцыйную бальніцу. Некаторых яго калег, якія займаліся ў адным зале, адправілі пад нагляд медыкаў у былое аддзяленне анкалагічнага дыспансера на вуліцы Цыялкоўскага, перапрафіліраванае цяпер пад патрэбы інфекцыйных вірусных захворванняў.

Дырэктарка СДЮШАР-4 Вікторыя Вайцекунас паведаміла журналісту “Народнай Волі”, што каранцін у школе не аб’яўлялі.

“У нас санслужба зрабіла дызенфекцыю. Дзеці зараз на канікулах. Пасля закаканчэння канікул будзем паступаць так, як і ў іншых навучальных установах – дзеці будуць наведваць школу па жаданні бацькоў”, – кажа Вікторыя Уладзіміраўна.

Выхаванец СДЮШАР-4 па акрабатыцы Аляксей З., які вярнуўся са спаборніцтваў на Кубак свету ў Партугаліі, стаў першым на Гомельшчыне пацыентам інфекцыйнага шпіталю, у каго пацвердзіўся тэст на каранавірус. На COVID-19 заразілася і 26-гадовая жыхарка Гомеля, якая вярнулася з Францыі. Яшчэ трое захварэўшых на каранавірус выяўлены ў Лельчыцкім раёне.