Каранавірус у Лельчыцах– пацверджаны 3 выпадкі

1565
Лозунг на Савецкай вуліцы ў Лельчыцах.Фота аўтара.

Тры выпадкі захворвання на COVID-19 пацверджаны ў Лельчыцкім раёне, што на Гомельшчыне.

Такая інфармацыя з’явілася 31 сакавіка на сайце мясцовага райвыканкама. Пра сітуацыю распавяла загадчыца тэрапеўтычнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы Святлана Герман.

Высветлілася, што яшчэ ў мінулую пятніцу дырэктар адной з гаспадарак паступіў у бальніцу з дзвюхбаковай пнеўманіяй. Яго ізалявалі ў боксе  аддзялення рэанімацыі. На наступны дзень тэсты паказалі наяўнасць у яго каранавіруса, і кіраўніка адправілі ў Гомельскую  абласную інфекцыйную бальніцу.

Эпідэміялагічнае расследаванне выявіла людзей групы рызык і першага ўзроўню – іх таксама накіравалі ў Гомель. Пацверджаны яшчэ два выпадкі захворвання на COVID-19 з ліку тых, хто меў цесныя стасункі з захварэлым дырэктарам.

Кантактныя асобы так званага другога ўзроўню знаходзяцца пад медычным наглядам у Лельчыцах.

Па сведчанні Святланы Герман, раддом і гінекалагічнае аддзяленне бальніцы перапрафіліраваны для дапамогі хворым на вострыя распіраторныя захворванні. Парадзіх накіравалі ў Мазыр. Для экстранных родаў прадугледжана месца ў хірургічным аддзяленні.

Людзей з хранічнымі захворваннямі, якія лекаваліся ў тэрапеўтычным аддзяленні, выпісалі дахаты, дзе яны працягнуць курс лячэння пад наглядам медыкаў.

У райцэнтры багата дзяцей і дарослых ходзяць у масках, і асабліва, калі наведваюць гандлёвыя крамы.


Няма запісаў для адлюстравання