Ігар Мазейка. Фота аўтара

Суд Чыгуначнага раёна Гомеля 31 сакавіка пакараў 27-гадовага жыхара абласнога цэнтра Ігара Мазейку адміністрацыйным штрафам у пяць базавых велічынь, што складае 135 рублёў.

У суд паступіла два адмінісстрацыйныя пратаколы супраць маладзёна, якія падрыхтаваў участковы міліцыянт Чыгуначнага РАУС Антон Дарафеенка. Адзін з іх складзены паводле артыкула 17.11 КаАП — за распаўсюд інфармпрадукцыі, відэафільма «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы», занесенага ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Суддзя Яўген Шарснёў, які разглядаў адміністрацыйную справу, паведаміў, што адправіў гэты пратакол назад у райаддзел міліцыі на дапрацоўку.

Другі пратакол складзены на падставе актыкула 17.10 і датычны прапаганды, публічнай дэманстрацыі, вырабу альбо распаўсюду нацысцкай сімволікі ці атрыбутыкі. Як вынікае з пратакола, Ігар Мазейка на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» размясціў два відэазапісы «Камікадзе Гі» і «Аляксандр Лукашэнка пра Гітлера», у якіх ўтрымлівалася нацысцкая свастыка — дзяржаўны сімвал Трэцяга рэйха.

Мазейка не адмаўляў сваёй віны, трымаўся адкрыта і годна. Хлопец працуе электрыкам на заводзе «Гомсельмаш».

— Два ці тры гады таму я сапраўды размясціў гэтыя відэзапісы на сваёй старонцы «ВКонтакте». У мяне там звыш трох тысяч розных відэаролікаў. Гэта мая памылка, што яны захоўваліся не ў «Альбоме», а ў адкрытым доступе, — тлумачыў абвінавачаны сяльмашавец.

— Навошта вы іх захоўвалі?» — пацікавіўся суддзя Шарснёў.

— Я не збіраўся іх перасылаць. Меўся спакойна перагледзець іх сам. Але ўжо не пагляджу, бо выдаліў усё, — адказаў Ігар.

— А гэтыя відэазапісы маглі паглядзець іншыя людзі? — запытаўся суддзя.

— Калі міліцыя іх знайшла і паглядзела, то і іншыя маглі гэта зрабіць, — адкрыта прызнаўся Мазейка і хадайнічаў пра мінімальнае пакаранне.

Праз пятнаццаць хвілін суддзя агучыў пастанову — штраф 5 базавых велічынь.

Гомельскі праваабронца Леанід Судаленка, які назіраў за разглядам адміністрацыйнай справы, заўважыў: права грамадзяніна на свабоду выказванняў праз распаўсюд інфармацыі не носіць абсалютнага характару. Што датычна нацысцкай сімволікі, то яно мае абмежаванне, з’яўляецца неабходным і прапісана ў законе. У Германіі, напрыклад, за распаўсюд і прапаганду атрыбутаў Трэцяга рэйха прадугледжана нават крымінальная адказнасць.

«Гэтая тэма балючая багата для якіх народаў, і Беларусь тут не выключэнне. Рэкамендую не захоўваць і не распаўсюджваць такія матэрыялы, бо рана ці позна за гэта прыйдзецца адказваць. Я не магу нават параіць Ігару Мазейку аспрэчваць вынесены штраф — няма ніякіх аргументаў на адмену пакарання», — лічыць праваабаронца.