Фота: svaboda.org (архіў)

Былы палітвязень працягвае вучобу ў суседняй краіне і працуе ў Варшаве ў кампаніі, якая займаецца дастаўкай ежы на дом.

Сяргей Каваленка праславіўся тым, што ў студзені 2010 года ў Віцебску залез на 35-метровую галоўную ёлку горада і ўзняў над ёй бел-чырвона-белы сцяг. За той учынак яму далі тры гады ўмоўна.

Сяргей Каваленка: «Ужо сем гадоў вучуся ў Польшчы…»

У 2012 годзе Каваленка атрымаў два гады і адзін месяц калоніі за парушэнне рэжыму адбывання пакарання. Хлопец вытрымаў галадоўку, якая доўжылася каля двух месяцаў.

Сяргей Каваленка: «Ужо сем гадоў вучуся ў Польшчы…»
Фота: Reuters/Scanpix

«Я і да гэтага часу ганаруся тым учынкам, калі ўзняў наш нацыянальна-гістарычны сцяг вышэй за камуністычную зорку. Хацеў паказаць беларусам, што нам патрэбна незалежная сімволіка, а не савецкая, што мы – нацыя», – кажа Сяргей.

У 2013 годзе актывіст паступіў па «праграме Каліноўскага» вучыцца ва ўніверсітэт прыродазнаўчых і гуманітарных навук у польскім Седльцы. Навучаўся па спецыяльнасці «кіраванне эканомікай», але затым пайшоў у акадэмічны адпачынак.

«Трэба было нейкім чынам сям’ю матэрыяльна падтрымаць, таму я і вырашыў узяць «акадэмку», – тлумачыць Сяргей. – Працаваў будаўніком у Варшаве. Я і раней займаўся прадпрымальніцтвам, рабіў рамонты (праводзіў электрыку, укладваў плітку), вось і прыйшоў да таго, што вучоба вучобай, але ж неабходна і дваіх дзяцей на ногі падымаць.

У Беларусі рамантаваў прыватныя кватэры, але з-за крызісу цэны на рамонтныя паслугі вельмі знізіліся – практычна ў два разы. Вымушаны быў з’ехаць на заробкі ў Польшчу.

У Варшаве займаўся электрыкай у новабудоўлях. Фірма аплачвала работу, а знайшоў яе з дапамогай украінскіх гастарбайтараў, якіх тут было даволі шмат».

Затым на нейкі час Сяргей Каваленка вярнуўся ў Віцебск, але апошні год ізноў працуе ў Варшаве.

– Таксама працягваю вучобу ў Седльцы, – кажа мой суразмоўца. – Так атрымалася, што вучоба цягнецца ўжо сем гадоў, але ж былі акадэмічныя адпачынкі. Шмат часу прапусціў, бо дадому ездзіў.

Зараз засталася абарона дыплома, будзем спадзявацца, што ў гэтым годзе ўсё
атрымаецца. Шчыра кажучы, за гэтыя гады ўжо ахаладзеў да вучобы, хаця скончыць ВНУ – гэта для мяне ўжо справа прынцыпу. А ўвогуле, у мяне апошнім часам з’явілася
вельмі шмат расчараванняў – і ў Польшчы, і ў Беларусі.

– Зараз, напэўна, бізнес вашай кампаніі запатрабаваны, бо многія заказваюць ежу дадому, каб не падчапіць на вуліцы інфекцыю?

– Безумоўна, вуліцы ў Варшаве апусцелі, днём практычна нікога няма. І польскія ўлады, і самі палякі вельмі сур’ёзна паставіліся да ўласнай бяспекі. Недаацэнкі сітуацыі няма. А нашаму бізнесу гэта паспрыяла – заказы выраслі ў разы.

І хоць заробак у мяне, можа, і не такі вялікі, як хацелася б, але на жыццё хапае. Тым больш што я сціпла жыву – у хостэле.

***

Газета “Народная Воля” № 26 (4484)

Поделиться: