Райцэнтр Жыткавічы. Фота НВ

У Жыткавічах на свае працоўныя месцы вярнуліся 26 медыкаў, якія былі шпіталізаваны на каранцін у сувязі з падазрэннем на заражэнне каранавірусам.

Пра гэта журналісту “Народнай Волі” паведаміла намесніца галоўнага ўрача Жыткавіцкай раённай цэнтральнай бальніцы Наталля Цупік.

“Для нас гэта была, можна сказаць, вучоба боем. Цяпер мы ўжо нічога не баімся”, – кажа Наталля Гаўрылаўна.

Узрушэнне медыкі і жыхары райцэнтра перажылі, калі ў захварэлай на вострую пнеўманію мясцовай жанчыны з маторабудаўнічага завода тэст на каранавірус даў станоўчы вынік. Жанчыну тэрмінова праз санавіяцыю даставілі ў Гомель, у туберкулёзную клінічную бальніцу, дзе яна знаходзіцца і зараз.

У звязку з першым станоўчым тэстам на каранавірус, у Жыткавічах правялі супрацьэпідэміялагічныя мерапрыемствы. Усе, хто меў кантакты з жанчынай, былі ізаляваны, у тым ліку і 26 медыкаў. І калі канчатковы вынік тэстаў на COVID-19 у жанчыны з маторарамонтнага завода быў адмоўны, ізаляваных на каранцін кантактных асоб першага ўзроўню выпісалі з бальніцы. Лекуюцца толькі тыя, у каго меліся нейкія іншыя захворванні.

Тым часам у Гомелі абласны Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі афіцыйна пацвердзіў другі выпадак захворвання на каранавірус. Небяспечную інфекцыю выявілі ў 26-гадовай дзяўчыны, якая 18 сакавіка вярнулася з Францыі. У Нацыянальным аэрапорце ў яе ўзялі мазок на каранавірус і адпусцілі, а ўжо 24 сакавіка ў Гомелі яе забрала “хуткая”. У 40-кватэрным доме ў мікрараёне “Хутар”, дзе жыве дзяўчына, санслужба зрабіла
дэзінфекцыю.