Фота: https://olympic.ru

Беларускія трэнеры і алімпійцы распавялі «Народнай Волі» пра тое, як яны адрэагавалі на перанос Алімпійскіх гульняў.

На гэтым тыдні прэм’ер-міністр Японіі Сіндза Абэ паведаміў, што Алімпіяда-2020 у Токіа перанесена на лета 2021 года.

Прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэта Томас Бах ужо даў згоду на перанос галоўных гульняў чатырохгоддзя ў сувязі з пандэміяй каранавіруса.

Раней выказваліся меркаванні, што Алімпіяда можа адбыцца, але без гледачоў. Каб не згубіць шматмільённыя кантракты, спаборніцтвы планавалі паказваць у тэлетрансляцыях, але, як бачым, і ад гэтай ідэі адмовіліся.

Нагадаем, што Алімпійскія гульні ў Токіа павінны былі прайсці з 24 ліпеня па 9 жніўня гэтага года.

Уладзіслаў ГАНЧАРOЎ, алімпійскі чэмпіён па скачках на батуце:

«Алімпіяда – гэта проста гульні…»
Фота: Reuters

– Адмянілі – і адмянілі, трагедыі не бачу. Крыўдна, натуральна, што чатыры гады рыхтаваліся да Алімпіяды, набралі форму, але дзеля сваёй жа бяспекі трэба, як кажуць, праявіць разуменне.

Зараз будзем спадзявацца, што сітуацыя ў свеце нармалізуецца і ўжо ў наступным годзе Гульні не давядзецца пераносіць. Нам жа застаецца толькі трэніравацца, у каранціне мы не сядзім. Я разлічваў на алімпійскі медаль у гэтым годзе, але цешу сябе тым, што гэта проста адкладзеныя планы.

Марыя МАМАШУК, сярэбраны прызёр Алімпіяды па вольнай барацьбе:

«Алімпіяда – гэта проста гульні…»
Фота: mst.by

– Калі ад цябе нічога не залежыць, то да гэтага трэба ставіцца спакойна. Наша справа – трэніравацца. Нават у пераносе Алімпіяды можна знайсці нешта станоўчае, бо ёсць час яшчэ лепш падрыхтавацца да Гульняў. Ды і рызыкаваць не мае сэнсу. У нас жа нават турніры адмянілі, якія павінны былі праходзіць у гэтым і наступным месяцах.

Некаторыя прапаноўвалі варыянт правядзення Алімпіяды без гледачоў, але гэта ўжо наогул абы-што атрымалася б. Губляецца ўвесь сэнс мерапрыемства. Гульні – гэта гістарычны момант, які людзі павінны бачыць не толькі па тэлевізары, але і ўжывую. Да і спартсменам выступаць пры пустых трыбунах не вельмі прыемна.

Ірына ЛЕПАРСКАЯ, галоўны трэнер зборнай Беларусі па мастацкай гімнастыцы:

«Алімпіяда – гэта проста гульні…»
Фота https://www.belta.by

– Лічу, што гэта правільнае рашэнне, бо як можна рызыкаваць здароўем спартсменаў? А мы будзем рыхтавацца ўжо да Гульняў у наступным годзе, якраз паспеем дапоўніць праграму.

Дар’я НАВУМАВА, сярэбраны прызёр Алімпіяды па цяжкай атлетыцы:

«Алімпіяда – гэта проста гульні…»

– У гэтай сітуацыі ёсць і мінусы, і плюсы. З аднаго боку, спартсмены рыхтаваліся па праграме, якая прадугледжвала выхад на пік формы менавіта летам гэтага года, а з іншага – будзе час удасканаліць сваё спартыўнае майстэрства. Акрамя таго, усе ж спартсмены апынуліся ў такім становішчы, таму спаборніцтвы ў будучым абяцаюць быць яшчэ больш захапляльнымі.

Нічога не зробіш, такія моманты ніколі нельга прадугледзець зараней. Таму зараз застаецца толькі рыхтавацца да чэмпіянату Беларусі. Яго, здаецца, адмяняць не збіраюцца.

Андрэй КРАЎЧАНКА, сярэбраны прызёр Гульняў-2008 па дзесяцібор’і:

«Алімпіяда – гэта проста гульні…»
Фота: https://www.sb.by

– Усё ішло да таго, што Алімпіяду адменяць, бо вы ж паглядзіце, што ў свеце творыцца. І гэта правільна. На першым месцы – бяспека людзей, а Алімпіяда – гэта проста гульні. Адным словам, сядзіце дома і беражыце сябе. Я, дарэчы, таксама знаходжуся ў дамашнім каранціне, бо траўміраваўся. Як кажуць, не было б шчасця…

***

Газета “Народная Воля” № 25 (4483)

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»