Міхась Скобла

Яшчэ Вальтэр параўноўваў мову з расквітнелым садам. Але каб сад квітнеў вясной, а летам пладаносіў, яго трэба даглядаць круглы год. Спілоўваць сухія галіны, знішчаць жукоў-караедаў і расліны-паразіты, што звыклі жывіцца чужым сокам. Сад сам не здольны абараніцца, ачысціцца ад паўзучай набрыдзі. Яму патрэбен садоўнік.

Вось такім клапатлівым садоўнікам у садзе беларускай мовы быў Павел Сцяцко – адзін з найлепшых айчынных мовазнаўцаў, які тры дні таму пакінуў гэты свет у шпіталі пад Гродна. Усё жыццё ён ратаваў ад русіфікацыі родную мову, яго ёмістая кніга «Культура мовы», як на маё разуменне, павінна быць настольнай для ўсіх, хто піша па-беларуску.

У гэтым даведніку Павел Сцяцко падрабязна разгледзеў 1500 выпадкаў засмечвання нашай мовы чужамоўнымі калькамі, пазычанымі без асаблівай патрэбы словамі і словазлучэннямі. Якіх, трэба прызнаць, да гэтай пары безліч у нашых нарматыўных слоўнікаў. Гартаеш іх, і ажно душа сцінаецца, калі на вочы трапляюць казначэй, узносы, мсцівец, прыхожая, вярыцельная грамата, ваеннаслужачы, лечачы ўрач… Як быццам у беларускай мове няма ёмкіх і дакладных адпаведнікаў: скарбнік, складкі, помснік, вітальня, даверчы ліст, вайсковец, лекар…

Поўны тэкст калонкі Міхася Скоблы чытайце ў газеце «Народная Воля» за 27 сакавіка