Фота БЕЛТА

26 сакавіка суд Гомельскага раёна пад старшынствам Тамары Застаўнецкай абвясціў вырак у дачыненні 9 маладзёнаў, абвінавачаных у захоўванні, спажыванні, транспартыроўцы і распаўсюдзе наркатычных і асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў.

Распаўсюд псіхатропаў і крадзёж

Старэйшы з іх Віталь атрымаў 8 з паловай гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён таксама прызнаны вінаватым у крадзяжы маёмасці (артыкул 212) паўторна праз “увядзенне ў кампутарную сістэму ілжывай інфармацыі па папярэдняй змове з групай асоб”.

А было вось што. Дарослыя і падлеткі прасілі ў гараджан на хвілінку мабільнік, каб патэлефанаваць альбо звязацца з сябруком “ВКонтакте”, і даверлівыя гараджане пазбаўляліся пасля гэтага грошай на сваіх тэлефонных рахунках. Пацярпелых набралася два дзесяткі чалавек – тых, хто паддаўся на нібыта бяскрыўдныя просьбы маладзёнаў пакарыстацца мабільнікам. Бальшыні з іх сваякі фігурантаў справы сплацілі скрадзеныя сумы. Адзін гараджанін не пагадзіўся на такі крок і атрымаў, апроч шкоды, сто рублёў маральнай кампенсацыі.

За крадзеж грошай і распаўсюд псіхатропаў гамяльчук Аляксандр асуджаны да сямі з паловай гадоў зняволення ў выхаваўчай калоніі.

Яшчэ чацвёра фігурантаў крымінальнай справы атрымалі ад 6,1 да 6,7 года зняволення. У дачыненні іх прыменена амністыя, і тэрміны адбыцця пакарання зменшаныя на два гады.

У справе фігуруюць і трое спажыўцоў наркатычных рэчываў, якія набывалі наркотыкі без мэты збыту. Двое з іх асуджаны на два з паловай гады, трэці — пакарыны абмежаваннем волі.

Супрацоўнікі ўпраўлення па наркакантролю і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Гомельскай абласной міліцыі затрымалі маладзёнаў у красавіку мінулага года. З дзевяці спажыўцоў і кур’ераў інтэрнэт-крамаў па продажу наркотыкаў і псіхатропаў, пяцёра былі непаўнагадовымі навучэнцамі гомельскіх ліцэяў і каледжаў. Яны жылі ў адным мікрараёне, хадзілі ў адзін клас, гулялі разам у футбол і “балаваліся” наркотыкамі.

А яшчэ хацелі, як заяўлялі ў судзе, зарабіць грошай на “прадукты і адзенне”. Дзеля гэтага ўладкоўваліся “на працу”, спачатку ў інтэрнэт-магазін.

“Партызан”, а пасля і ў “Макіявелі”. Выглядала, што “Партызан” быў пачатковым праверачным звяном – ён патрабаваў пашпартныя звесткі, 100- рублёвы ўнёсак за “працаўладкаванне”. Сапраўдная “мінёрская праца” па закладцы тайнікоў з псіхатропамі пачыналася ў “Макіявелі”. Хлопцы праз інтэрнэт атрымлівалі заданні забраць наркотыкі, расфасаваць і на патрабаванне “працадаўцы” пакласці дозы ва ўказаныя патаемныя месцы ў розных раёнах горада. Тайнікі “мінёры” фатаграфавалі на мабільнікі, указвалі месца і перасылалі ўсю інфармацыю “працадаўцу”.

“Мінёр” – праца небяспечная

Распаўсюднікаў таму і назвалі “мінёрамі”, што такая “праца” небяспечная, бо падпадае пад збыт наркотыкаў і, паводле частак 2,3 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса, караецца больш сурова, чым спажыванне.

Міліцыя канфіскавала гатовыя да продажу псіхатропы, якія кампанія захоўвала па месцу жыхарства аднаго з падлеткаў у аграгарадку Пакалюбічы, што пад Гомелем. Побач з домам у хлеўчуку аператыўнікі знайшлі 28 поліэтыленавых пакецікаў з асабліва небяспечным наркатычным рэчывам альфа-PVP, а таксама электронныя вагі, распіратары і ўпаковачны матэрыял для фасавання псіхатропаў. Яшчэ адну дозу альфа-PVP выявілі пры асабістым даглядзе падлетка.

У судзе дзяржаўны абвінаваўца высветляў у спецыяліста з наркалагічнага дыспансера, як ацэньваць пакет з 2 грамамі альфа-PVP – мала гэта ці многа? Спецыяліст-нарколаг вызначыў гэта як буйны памер, бо з двух грамаў згаданага псіхатропа можна падрыхтаваць тысячу разавых доз. Спажыванне альфа-PVP, па сведчанні нарколага, вядзе да галюцынацый, шызафрэнічных і бязглуздых расстройстваў, паралічоў. Урэшце, да страты асобы.

Судовы працэс над групай распаўсюднікаў псіхатропаў праходзіў у будынку Гомельскага абласнога суда з прычыны наяўнасці большага памяшкання і доўжыўся з перапынкамі чатыры месяцы. Непаўнагадовых і двух дарослых абвінавачаных, раней судзімых, прывозілі з СІЗА. Яны знаходзіліся ў ізалятары ад моманту затрымання.

Яшчэ двое дарослых, з якіх узята падпіска пра нявыезд, прыйшлі на суд самі – гэта звычайныя спажыўцы наркотыкаў, карысталіся патаемнымі закладкамі “мінёраў”. Аднаго з іх узялі пад варту пасля агалошвання выраку.

“Працадаўцы” засталіся ў ценю

Фігуранты крымінальнай справы ў судзе прызналі сваю віну ў незаконных дзеяннях з наркатычнымі рэчывамі. Аднак у ценю засталіся “працадаўцы”, якія ўладкаўвалі “на працу” дарослых і падлеткаў у інтэрнэт-магазіны “Партызан”, “Макіявевелі”, забяспечвалі іх небяспечнымі псіхатропнымі рэчывамі, каб фасаваць дозы ў раздроб і рабіць закладкі ў тайніках.

У абвінавачванні на гэты конт утрымліваюцца стандартныя фармулёўкі: “У неўстаноўленай асобы, неўстаноўленым спосабам”. Значыць, неўзабаве трэба чакаць новых “мінёраў”.

Судовы вырак не набыў юрыдычную моц, ён можа быць апратэставаны пракуратурай альбо аспрэчаны абвінавачанымі фігурантамі крымінальнай справы.