Наведванне магілы капітана БНР Цімоха Вострыкава ў вёсцы Раманавічы. Фота з архіва аўтара

Грамадскія актывісты Гомеля ў звязку з небяспекай эпідэміі каранавіруса адмянілі ўсе масавыя імпрэзы, запланаваныя да 102-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Вядомы ў горадзе палітык і арганізатар дэмакратычных мерапрыемстваў Уладзімір Кацора паведаміў журналісту “Народнай Волі”, што сёлетняе святкаванне Дня Волі мелася праходзіць у два этапы.

У першай палове дня актывісты запланавалі наведаць магілы дзеячоў нацыянальна-вызвольнага руху Цімоха Вострыкава, Рыгора Клімовіча, а таксама месца ў Навабеліцкім раёне горада, дзе стаяў дом Палуты Бадуновай, міністра сацыяльнай апекі ўрада БНР.

У другой палове дня ў памяшканні грамадска-палітычнага цэнтра на вуліцы Палеская, 52 прадугледжвалася прэзентацыя новай кнігі гісторыка Мікалая Анісаўца пра ўраджэнца Гомельшчыны Яўсея Канчара, аднаго з арганізатараў І Усебеларускага з’езда , які абвясціў права беларускага народа на самавызначэнне і прыняцце дэмакратычнай формы ўрада. З’езд той разагналі мясцовыя бальшавікі Заходняга фронту на чале з Мясніковым, Кнорыным і Ландэрам. Пераемнiкамi iдэй Усебеларускага з’езда сталі стваральнікі БНР.

Тут жа, у памяшканні грамадска-палітычнага цэнтра, пасля прэзентацыі кнігі Анісаўца мелася прайсці ток-шоў “Невядомыя старонкі БНР” з удзелам вядомых гомельскіх навукоўцаў і гісторыкаў.

“Сітуацыя з каранавірусам вымагае нас думаць пра маральныя прыярытэты і клапаціцца пра здароўе людзей. А прэзентацыю кнігі пра Яўсея Канчара і дыскусію мы арганізуем у больш прыдатны час, калі спадзе небяспека пашырэння агрэсіўнага віруса”, – зазначыў Уладзімір Кацора.