День Воли в Гродно в 2019 году. Фото: yan.bloger.by

Сёння адзначаецца Дзень Волі. 102 гады таму, раніцай 25 сакавіка ў 1918 годзе, ва ўмовах нямецкай акупацыі ў Мінску была сімвалічна абвешчана незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі.

Калі б не было БНР, не было б і БССР. І магло б не быць незалежнай Беларусі.

У Беларусі на афіцыйным узроўні Дзень Волі не адзначаецца. Затое незалежная грамадскасць традыцыйна ладзіла свае святкаванні. Але сёлета ці не ўпершыню за 30 гадоў, а на эміграцыі — упершыню за 70 мерапрыемствы адмененыя. З-за пагрозы каранавіруса, паведамляе «Наша Ніва«.

Таму мяркуецца іх праводзіць у анлайн-фармаце.

А 18-й гадзіне прапануецца далучыцца да анлайн-свята «Годны Дзень Волі» з дапамогай тэлефонаў, камп’ютараў і тэлевізараў. Трансляцыя пачнецца а 18.00 на сайце Hodna.by і ва ўсіх сацыяльных сетках праекта.

Як самастойна адсвяткаваць Дзень Волі? Ёсць парачка ідэй ад арганізатараў:

— размясціць нацыянальныя сімвалы Беларусі на сваім балконе, у аўто, акне кватэры ці двары дома,
— павіншаваць з Днём Волі сяброў, родных і знаёмых у сацыяльных сетках, на працы ці ў навучальнай установе,
— увечары 25 сакавіка а 21:00 запусціць святочны феерверк,
арганізаваць самастойнае адзначэнне Дня Волі ў сямейнай ці сяброўскай кампаніі (а анлайн-трансляцыя дадасць вашаму святкаванню адчуванне сувязі з усімі беларусамі, якія падтрымаюць гэты план, абяцаюць арганізатары).

А 20-й гадзіне Лявон Вольскі дасць анлайн-канцэрт.