А 7-й раніцы ў цэнтры Гродна гучна зачыталі тэкст ІІІ Устаўной граматы БНР і праспявалі “Пагоню” і “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”.

Акцыю правялі пяцёра актывістаў у дворыку Цэнтра гарадскога жыцця, дзе звычайна ладзяцца беларускія культурніцкія імпрэзы.

Вадзім Саранчукоў, адзін з арганізаітараў акцыі і кіраўнік гродзенскай арганізацыі БНФ заявіў, што ўся іх дзейнасць скіравана на дасягненне мэтаў, якія ставілі перад сабой заснавальнікі БНР.

Ён таксама зазначыў “Народнай Волі”, што акцыю невыпадкова правялі нешматлюдную, пры гэтым прытрымліваліся ўсіх санітарных норм, як і рэкамендуюць медыкі падчас пандэміі каранавіруса.

Паводле Саранчукова 25 сакавіка актывісты апазіцыйных палітычных партый і грамадскіх арганізацый наведаюць могілкі, дзе ўшануюць памяць вядомых беларусаў. Увечары Саранчукоў прапанаваў далучацца да святочнага канцэрта, які будзе транслявацца анлайн з Мінску і адзначаць свята ў сваіх сем’ях.

Нагадаем, што актывісты з Гродна падавалі заяўку на правядзенне масавага мерапрыемства ў гонар Дня Волі ў Каложскім парку і ўлады дазволілі правядзенне акцыі. Але, заяўку ў сувязі з пандэміяй каранавіруса давялося адазваць.

Дзень Волі ў Гродне – у межах каранавіруса
Фота аўтара