Фота: vk.com/energetikbgu

У Беларусі стартавала першынство Беларусі па футболе.

Ва ўсёй Еўропе з-за эпідэміі каранавіруса спынены футбольныя чэмпіянаты, і толькі нас гэта не датычыцца. Сітуацыя, можна сказаць, унікальная, бо замежным балельшчыкам глядзець больш няма чаго, а таму ўся ўвага – да чэмпіянату Беларусі, гульні якога нават сталі трансляваць у Расіі і Украіне.

«Ці могуць заўзятары не турбавацца з нагоды заражэння каранавірусам на трыбунах?» – пацікавіліся ў старшыні Федэрацыі футбола Уладзіміра Базанава.

«Яшчэ да матча за Суперкубак і чвэрцьфіналаў Кубка Беларусі мы размясцілі на сваім сайце метадычныя рэкамендацыі па прафілактыцы, дыягностыцы і лячэнні новай каранавіруснай інфекцыі, – цытуе Базанава belta.by. – Што тычыцца саміх стадыёнаў, то ніякага спецыяльнага кантролю на ўваходах не плануецца».

Адным словам, як казаў знакаміты Эдуард Васільевіч Малафееў: «Гульня – гэта бой, а ў баі тэмпературу не вымяраюць».

А ў гэты час стала вядома, што чэмпіянат Еўропы па футболе – 2020 з-за пандэміі каранавіруса перанесены на 2021 год. Такое рашэнне было прынята на відэаканферэнцыі УЕФА пры ўдзеле 55 футбольных асацыяцый. Плануецца, што турнір пройдзе з 11 чэрвеня па 11 ліпеня 2021 года.

Таксама не вядома, што адбудзецца з астатнімі матчамі Лігі чэмпіёнаў і Лігі Еўропы. У прэсе фігуравала інфармацыя аб тым, што УЕФА плануе скараціць розыгрыш і правесці будучыя раўнды ў фармаце «фіналу чатырох». У гэтым выпадку ўсе клубы збяруцца ў адным месцы і згуляюць паміж сабой па адным матчы замест звычайных двух.

Матчы кваліфікацыі бліжэйшага чэмпіянату Еўропы, якія першапачаткова павінны былі адбыцца ў сакавіку, таксама будуць перанесены на чэрвень 2020 года. Гаворка ідзе ў тым ліку і пра паядынак паміж зборнымі Грузіі і Беларусі, які павінен быў прайсці ў Тбілісі 26 сакавіка. Праўда, не зразумела, як далей будзе развівацца сітуацыя з эпідэміяй, а таму пра дакладныя даты наогул казаць не даводзіцца.

«Народная Воля» задала пытанне некаторым айчынным футбольным спецыялістам: «Ці трэба было ў такой сітуацыі пачынаць чэмпіянат Беларусі па футболе?»

Вадзім ЖУК, суддзя міжнароднай катэгорыі:

– Я схіляюся да таго, што адкрыццё першынства трэба было перанесці на больш позні тэрмін. Цяпер не гуляюць ва Украіне, Расіі, краінах Балтыі, у Еўропе. У крайнім выпадку можна было праводзіць матчы без гледачоў. Навошта рызыкаваць?

Георгій КАНДРАЦЬЕЎ, трэнер зборнай Беларусі па футболе:

– На мой погляд, такой неабходнасці не было, таму што здароўе людзей – на першым месцы. Тым больш што матч нацыянальных зборных Грузіі і Беларусі перанесены, і гэта магло стаць дадатковым фактарам, каб адкласці чэмпіянат да лепшых часоў. Трэба было хаця б паглядзець, як далей будзе развівацца сітуацыя ў свеце і ў нашай краіне.

Валерый ІСАЕЎ, футбольны агент:

– Калі вярстаўся каляндар нацыянальнага чэмпіянату, шмат у чым сыходзілі з інтарэсаў зборнай, якая 26 сакавіка павінна была гуляць у матчы плэй-оф чэмпіянату Еўропы. Але гэты матч адмянілі, як адмянілі ўнутраныя спаборніцтвы многія нацыянальныя федэрацыі.

Слушна было б такім жа чынам паступіць і ў Беларусі, але федэрацыя вырашыла інакш. Па сутнасці, футбольныя чыноўнікі ўзялі на сябе адказнасць і за здароўе футбалістаў, і за здароўе тых футбольных балельшчыкаў, якіх заклікаюць прыходзіць на стадыёны. Будзем спадзявацца, што гэтыя чыноўнікі – вельмі сур’ёзныя людзі, якія нясуць поўную адказнасць за прынятыя імі рашэнні.

P.S. Вынікі першага тура:

«Энергетык-БДУ» (Мінск) – БАТЭ (Барысаў) – 3:1,

«Шахцёр» (Салігорск) – «Тарпеда-БелАЗ» (Жодзіна) – 0:1,

«Дынама» (Брэст) – «Смалявічы» – 1:1,

«Дынама» (Мінск) – «Рух» (Брэст) – 0:1,

«Віцебск» – «Гарадзея» – 1:0,

«Іслач» (Мінскі раён) – «Нёман» (Гродна) – 1:0,

«Слуцк» – «Славія» (Мазыр) – 3:1,

«Белшына» (Бабруйск) – «Мінск» – 1:3.

***

Газета «Народная Воля» № 24 (4482)