Уладзімір Някляеў. Фота з сайта palitviazni.info

Вядомы паэт распавёў «Народнай Волі», як ён месяц вандраваў па Амерыцы і Еўропе, а затым у Мінску ў яго шукалі каранавірус.

– На апошні самалёт Масква – Мінск паспеў, пасля, здаецца, палёты прыпыніліся, – кажа Уладзімір Пракопавіч.

– Што за сусветнае турнэ ў вас было?

– Шчыра кажучы, за месяц і насамрэч наездзіўся, як ніколі. Задачы паездак былі дзве – палітычная і паэтычная. У ЗША спрабаваў высветліць у Дзярждэпартаменце, як яны рэальна збіраюцца забяспечваць і бараніць суверэнітэт Беларусі. Таксама было шмат сустрэч з прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў Амерыцы. Вырашаў некаторыя літаратурныя і выдавецкія пытанні. Пабываў у некалькіх штатах, затым адправіўся ў Германію і Данію. Затым – Расія.

Калі выпраўляўся ў паездку, такой панікі з-за каранавіруса яшчэ не было, але на маіх вачах у людзей літаральна згасаў інтарэс да палітыкі і да літаратуры. Гэты працэс, як мне падаецца, яшчэ будзе доўжыцца.

Калі прыляцеў у Маскву, то там увогуле амаль ні з кім не сустрэўся, хаця раней з людзьмі былі запланаваны такія сустрэчы. Яны наогул здзіўляліся майму прыезду і пыталіся: «Навошта ты сюды прыехаў, калі ва ўсім свеце каранавірус?»

Я ім адказваў так: «Праблема ж каранавіруса не адмяняе ўсе астатнія праблемы. Не адмяняе інфекцыю дыктатуры і вечных прэзідэнтаў, якая распаўсюджваецца па ўсім свеце. І гэтая інфекцыя горшая за каранавірус».

У рэшце рэшт я зразумеў, што ў сённяшняй сітуацыі эфектыўнасць ад паездак складае, можа быць, усяго 50 працэнтаў.

– У Маскве вас не адправілі на каранцін пасля Еўропы і Амерыкі?

– Не, але ў аэрапорце быў даволі смешны выпадак. Санітарна-прапускны кантроль. За сталом – мужык, на стале – бутля з нейкай вадкасцю для дэзінфекцыі. Пытаюся: «Антысептык?» – «Чысты спірт!» – «А выпіць можна?» – «Дык дзеля гэтага і стаіць, а прыдуркі рукі мыюць».

А ўвогуле, калі прыляцеў у Маскву, там практычна ніякага кантролю не было. Відаць, расіяне жывуць па прынцыпе «лепш спірту глынуць і сустрэць каранавірус з песнямі». Гэта псіхалогія, якая гадамі выпрацавана ў гэтым народзе.

– А ў Мінску ці была праверка?

– Паколькі я доўга вандраваў па розных краінах, то ў аэрапорце сам падышоў у пункт санітарнага кантролю і вырашыў здаць тэст на каранавірус, каб не падвяргаць рызыцы сяброў і блізкіх. Ужо на наступны дзень мне патэлефанавалі з паліклінікі і сказалі, што тэст даў адмоўны вынік. Праўда, дадалі, што эпідэміёлагі параілі ўрачам за мной паназіраць пэўны час, таму што я быў у зоне рызыкі.

– Чым зараз збіраецеся займацца ў Мінску?

– Тым жа, чым і займаўся, – літаратурай. І ў ізаляцыі можна пісаць. Іншая справа, што гэты каранавірус уносіць карэктывы ў наша жыццё, яно ўжо не будзе ранейшым. І гэта добра выяўляецца ў драбязе.

Напрыклад, днямі ў маёй жонкі Вольгі быў дзень нараджэння. Раней мы маглі схадзіць у кавярню, з’ездзіць у Вільнюс альбо запрасіць да сябе гасцей. А зараз нікуды не паедзеш і нікога не запросіш, бо за сталом на цябе будуць глядзець, як на патэнцыяльнага карананосца.

Як звычайна – ужо не выходзіць. Не толькі ў мяне, а ва ўсяго чалавецтва. Трэба будзе нешта прынцыпова змяняць у спосабе існавання. Тыя ўяўленні пра сябе, што чалавецтва выдумала, яны разбураюцца на вачах. Уяўленні пра чалавечую дабрыню, хрысціянства, гуманізм.

– Ці закончылі вы ўжо свой раман пра Янку Купалу?

– У той сітуацыі, што зараз ёсць, узбуйнілася праблема жыцця і смерці, і я раблю пэўныя захады, каб гэты складнік быў больш адзначаны ў рамане.

Таму працягваю пісаць раман, увесь час яго перарабляю. Я некалькі разоў яго завяршаў, але затым ізноў пачынаў дапрацоўваць. І так зжыўся з галоўным персанажам рамана, што мне ўжо шкада з ім развітвацца.

Паралельна я пішу нейкія іншыя рэчы, і ў мяне складваецца адчуванне, што раблю гэта я не адзін, а на пару з Янкам Купалам. Ён мне нешта падказвае, сярод ночы падымае. Таму я падумаў, што няхай у гэты няпросты час Купала пакуль яшчэ пабудзе са мной…

Газета «Народная Воля» № 24 (4482)