Райцэнтр Жыткавічы. Фота аўтара

Другі выпадак захворвання на каранавірус на Гомельшчыне і, відавочна, 81-ы ў Беларусі нельга назваць звычайным. І вось чаму. У Жыткавічах 58- гадовая жанчына тыдзень хадзіла ў паліклініку, пакуль не страціла прытомнасць. 21 сакавіка яна выйшла ад тэрапеўта пасля кансультацыі і адключылася. Толькі пасля гэтага ў яе дыягнаставалі двухбаковую пнеўманію і ўзялі мазок на каранавірус COVID-19. Тэст аказаўся станоўчым. Жанчыну забралі ў Гомельскую абласную туберкулёзную бальніцу, паколькі ёй патрабуецца і дапамога пульманолага.

На каранцін паклалі яшчэ 42 чалавекі, сярод якіх ёсць і медыкі, якія мелі кантакт з хворай жанчынай. У іх ліку і тэрапеўт агульнай практыкі, якая тыдзень лекавала пацыентку.

На Жыткавіцкім маторабудаўнічым заводзе, дзе працавала жанчына, ужо тры дні вядзецца санітарная апрацоўка. Гомельскі абласны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі разам з мясцовымі медыкамі даследуе кантакты з хворай першага і другога ўзроўню. Выяўляюць нават тых людзей, якія стаялі ў краме ў чарзе з захварэлай жыхаркай райцэнтра.

Захады, бясспрэчна, патрэбныя. Але як так атрымалася, што ў Жыткавічах лекары “не разглядзелі” небяспечнае захворванне?

Загадчыца цэнтральнай раённай паліклінікі Аляксандра Кот паведаміла журналісту “Народнай Волі”, што ў захварэлай жанчыны ўсё пачыналася з невысокай тэмпературы – крыху вышэй за 37 градусаў. Рэнтгенаўскі здымак зрабілі на сёмы дзень, бо раней ніякая клініка на здымку не выяўляецца.

“Лягчэй за ўсё вінаваціць медыкаў. Але ж і ў людзей павінна быць адказнасць. Жанчына цвердзіла, што нікуды за межы раёна не выязджала. Пра сваякоў, з якімі мела стасункі, таксама нічога не казала. Толькі цяпер сталі разбірацца, куды выязджаў муж у захварэлай жанчыны. Яна ж пра гэта таксама не паведаміла”, – тлумачыць загадчыца паліклінікі.

Аляксандра Кот дадае, што даследаваць тэсты на каранавірус у мясцовай лабараторыі яны не могуць. Мазкі ў прабірках старанна запакоўваюцца і адпраўляюцца ў Гомель. Гэтым разам іх забіралі самі спецыялісты абласнога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

Сітуацыю ў Жыткавічах наўрад ці можна назваць звычайнай. Выглядае, што пандэмія каранавіруса, якая бушуе ў свеце, вымагае ўзаемнай адказнасці: уладных структур, органаў аховы здароўя, самога насельніцтва. Здзіўляе найперш, чаму ўсё ж такі тэрапеўт, зафіксаваўшы тэмпературу, не азадачыўся: а што калі злашчасны вірус? Няўжо і на медыкаў дзейнічае прапагандысцкі рытуал служыцеляў культа, кшталту таго, што адбыўся днямі ў Мінску: акрапіў мітрапаліт святой вадой з верталёта сталіцу, значыць, і ў Жыткавічах ніякага віруса не будзе?

З іншага боку, раскажы жанчына ўсе падрабязнасці, быў бы іншы сцэнар развіцця падзеяў у райцэнтры. Пры людской бяспечнасці можна спаралізаваць не толькі сваё прадпрыемства, установу, але і медычную службу. Ад таго, што медыкаў уклалі на бальнічныя ложкі, дапамогі людзям не прыбавіцца.

Выклікае пэўную трывогу і падыход уладаў да інфармавання грамадзян пра выпадкі выяўлення каранавіруса. Спрацоўвае заганная савецкая мэтодыка, якая шырока практыкавалася пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС: “нічога страшнага не адбылося – аварыя на 4-м энергаблоку”, “працуем у звычайным рэжыме”. Вось жа прыехаў у Гомель спартовец з Партугаліі з каранавірусам – першы яго завоз у рэгіён. Думаеце, людзем сказалі, у якім цягніку, вагоне, на якім месцы ехаў спартовец? Нічога падобнага! А ў суседняй Літве, калі выяўляюць у чалавека вірус, называюць, дзе ён быў да шпіталізацыі – на канцэрце ці ў рэстаране, у якім радзе ці за якім столікам сядзеў. Такім чынам падштурхоўваюць грамадзян да праверкі ўласнага здароўя, да адказнага партнёрства ў соцыуме.

Патэлефанаваў сёння намесніку галоўнага урача па медыцынскай частцы Гомельскай абласной туберкулёзнай клінічнай бальніцы Ягору Кучуну, каб справіцца пра стан здароўя пацыенткі з Жыткавічаў і высветліць, што паказаў яе паўторны тэст на каранавірус.

“Гэта ўрачэбная таямніца, – адказаў Кучун. – Звесткі пра яе лячэнне я перадаю ў абласное галоўнае медыцынскае ўпраўленне. Яны гэтымі звесткамі распараджаюцца”.

Прашу ўдакладніць, ці хоць жывая жанчына?

“Так, канешне, жывая”, – запэўніў намеснік галоўнага ўрача.

Акурат напярэдадні прачытаў у інтэрнэце водгук на пандэмію каранавіруса кіраўніка Сусветнай арганізацыі здароўя Тэдраса Гебрэесуса. Ён заклікаў выкарыстаць супраць пашырэння віруса не толькі “абарончыя” меры. Варта заклікаць людзей заставацца дома і трымаць фізічную дыстанцыю ад іншых. Паводле Гебрэесуса, трэба праводзіць тэсты ў кожным падазроным выпадку, ізаляваць і аказваць дапамогу ў кожным пацверджаным выпадку, а таксама адсочваць і пасылаць на карантын тых, хто быў у шчыльным кантакце з хворымі. Рэкамендацыя, падаецца, зусім не адпавядае расхожаму ў нашай краіне бадзёраму завярэнню – “працуем у звыклым рэжыме”. І Жыткавічы гэта ўраз абверглі.