Суд Савецкага раёна Гомеля. Фота аўтара

24 сакавіка ў судзе Савецкага раёна Гомеля пачаўся разгляд заявы маці школьніцы, якой на ўроку траўмавалі вуха. Адказчыцай у крымінальнай справе прыватнага абвінавачвання выступае настаўніца гімназіі №71. Паводле памочніцы старшыні суда Ніны Здаравец, судовае пасяджэнне праходзіць у закрытым рэжыме.

Як паведамляла “Народная Воля”, інцыдэнт у гімназіі адбыўся сёлета 21 студзеня. На ўроку матэматыкі педагог пачатковых класаў, якая мела званне “Настаўнік года-2017”, схапіла дзяўчынку-трацякласніцу за вуха і так тузанула яго, што медыкам пасля давялося накладваць швы.

Па заяве бацькоў Савецкі РАУС Гомеля праводзіў праверку. Вынікаў гэтай праверкі міліцыя не агучвала, спаслаўшыся на інтарэсы малалетняй школьніцы, якія ахоўваюцца і могуць быць абнародаваны толькі законнымі прадстаўнікамі дзяўчынкі. Вядома толькі, што ў дзеяннях настаўніцы ёсць прыкметы складу злачынства, апісанага ў артыкуле 153 Крымінальнага кодэкса – “Наўмыснае нанясенне лёгкага цялеснага пашкоджання”. Артыкулам прадугледжаны чатыры віды санкцый: грамадская праца, штраф, папраўчыя работы на тэрмін да аднаго года, а таксама арышт. Аднак міліцыя не стала перадаваць справу ў суд, пакінуўшы гэта на вырашэнне законных прадстаўнікоў дзяўчынкі. У дадзеным выпадку – бацькоў.

Вядома таксама, што пасля здарэння 47-гадовая настаўніца патрапіла ў лякарню. Яна заяўляла, што не мае намеру вяртацца на працу ў гімназію.

Міністэрства адукацыі праз свой прэс-цэнтр запэўнівала, што неаднаразова нагадвала пра недапушчальнасьць праяў агрэсіі альбо гвалту ў дачыненні да непаўналетніх. Настаўнік абавязаны захоўваць прававыя, маральныя і этычныя нормы. Таму любы гвалт (фізічны ў выглядзе “падзатыльніка” ці псіхалагічны ў форме нецэнзурных выказванняў) з пазіцыі педагога недапушчальны.