Ігар Барысаў: Фота svaboda.org

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў распавёў «Народнай Волі», чаму не трэба звяртаць увагі на дэмаршы Паўла Севярынца і Аляксея Янукевіча, якія больш не ўдзельнічаюць у праймерыз, а таксама пра тое, як мяняў квіткі, каб вярнуцца з Амерыкі ў Беларусь, бо Еўрасаюз зачыніў межы.

– Ігар, вы днямі вярнуліся з Амерыкі, дзе правялі тры з паловай тыдні па праграме лідарства…

– Так, паездка адбылася па запрашэнні амерыканскага боку. Каб вярнуцца на радзіму, спачатку давялося мяняць квіток на Франкфурт, бо туды перасталі лятаць самалёты, а потым з’явіўся квіток на Варшаву. Але ўжо к вечару Варшава зачыніла межы. Атрымалася, што зноў не было магчымасці вылецець. Фактычна апошнім варыянтам заставаўся білет на Маскву. Дзіўна, але па прылёце ў Мінск у мяне нават не запыталіся пра пашпарт…

– Ці быў стрэс, што можаце застацца за акіянам? Між іншым, ведаю, што некаторыя і жартам і ўсур’ёз раілі вам застацца…

– Ну які можа быць стрэс, калі ты ў Маямі, у Фларыдзе? (Смяецца.)

– Вялікія ў Амерыцы меры перасцярогі праз каранавірус?

– У Штатах адносна спакойна, але меры бяспекі вельмі строгія. У кожнай краме, дзяржаўнай установе, кавярні стаяць на ўваходзе антысептыкі. Самае галоўнае – мыць рукі. У масках там амаль ніхто не ходзіць. Усе слухаюць тэлебачанне і тое, што гаворыць улада. У адрозненне ад некаторых постсавецкіх краін у ЗША адкрыты доступ да інфармацыі, і людзі давяраюць агучанай статыстыцы хворых. Ёсць пытанні адносна таго, ці мае, напрыклад, Трамп каранавірус, бо ён меў кантакт з хворым чалавекам. У апошнія дні, калі мы там былі, назіралася некаторая істэрыка – з прылаўкаў магазінаў пачалі змятаць усё што можна. Людзі запасаліся прадуктамі, але гэта не было так, як перад апакаліпсісам. Боек за пакункі з паперай для прыбіральні я не бачыў.

– Пасля вяртання з-за мяжы рэкамендуюць двухтыднёвую самаізаляцыю. Жонка на вас з перасцярогай, мабыць, глядзела, калі вярнуліся?

– Я збольшага самаізаляваўся – толькі некалькі разоў выйшаў на вуліцу. Тыя, хто быў са мной у адной групе ў Амерыцы, паступова праходзяць тэсты на каранавірус, і я ведаю, што ў чатырох чалавек вынік адмоўны…

Поўны тэкст гутаркі Марыны Коктыш з Ігарам Барысавым чытайце ў газеце «Народная Воля» за 24 сакавіка