Юрый Губарэвіч. Фота: Радыё Рацыя

Павел Севярынец спыніў свой удзел у праймерыз. У тым ліку і з-за таго, што кампанія па вылучэнні адзінага кандыдата ніяк не адрэагавала на масавы ўдзел у галасаванні чыноўнікаў, якія аддаюць свае галасы за старшыню руху «За Свабоду» Юрыя Губарэвіча.

«Народная Воля» запыталася ў Губарэвіча, як ён можа патлумачыць свой поспех у прадстаўнікоў райвыканкамаў.

– Юрась, як вы адрэагавалі на рашэнне Паўла Севярынца сысці з праймерыз?

– Я не магу каментаваць ягонае рашэнне. Магу толькі коратка сказаць па мінулых падзеях: удзел чыноўнікаў у нашых сходах пачаўся яшчэ з Віцебшчыны, і там большасць галасоў атрымліваў не я. І ў некаторых іншых раёнах, дзе чыноўнікі галасавалі, я ўвогуле меў нуль галасоў. Так што гаварыць пра нейкія тэндэнцыі тут не выпадае. Адзінае, што я магу адзначыць: удзельная вага чыноўнікаў у нашых сходах была мінімальнай, калі і прыходзілі, то 1–2 чалавекі з мясцовых раёнак, можа быць, яшчэ адзін-два выканкамаўскія чыноўнікі.

Чаму яны прыходзяць? Можа, паглядзець на людзей, паглядзець, якая актыўнасць назіраецца ў іх рэгіёне, хто цікавіцца апазіцыяй. Можа быць, каб задаваць каверзныя пытанні, бо такое таксама здараецца. Але я нічога дрэннага ў гэтым не бачу. Да гэтага трэба быць гатовым.

І калі мы заяўляем пра народнае галасаванне, ясная справа, мы не можам абапірацца на ўдзел у праймерыз толькі нашых актывістаў. Павінны ўдзельнічаць усе, у тым ліку і чыноўнікі – яны таксама грамадзяне нашай краіны. І чым болей будзе людзей, якія выступаюць за перамены, тым мацней будзе кампанія.

– Як вы ставіцеся да таго, што некаторыя кажуць: ага, мабыць, Губарэвіча падтрымлівае ўлада…

– Мая пазіцыя нязменная. Я лічу, што ў Беларусі павінен быць новы прэзідэнт, новая ўлада, павінна быць зменена недэмакратычная сістэма кіравання, выбудаваная Аляксандрам Лукашэнкам. Павінны быць свабодныя выбары, павінен быць незалежны суд і гэтак далей. Усе гэтыя пункты ёсць у маёй праграме. І калі нехта з ідэолагаў галасуе за маю праграму – гэта проста цудоўна! Значыць, Беларусь будзе мяняцца!

– Юрась, каранавіруса не баіцеся?

– Я асабіста не баюся, аднак выступаю за абсалютна рацыянальныя рашэнні. І калі Міністэрства аховы здароўя – адзіны дзяржаўны орган Беларусі, які мае поўную карціну таго, што адбываецца з гэтым захворваннем у краіне, – скажа, што бачыць рэальную пагрозу і небяспеку масавых сходаў, натуральна, мы мусім гэтыя сходы спыніць. Магу сказаць, што такое рашэнне ўжо прынялі: на гэтым тыдні робім апошні сход, бо людзі ўжо запрошаны, а потым уводзім мараторый на паездкі.

***
Газета “Народная Воля” № 23 (4481)