Архіўны здымак. Фота: БелаПАН

У гэтым годзе адзначаецца 75-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. На 9 Мая запланаваны ваенны парад у Маскве. А што будзе ў нас? Нягледзячы на ўспышку каранавіруса і надзвычай складанае эканамічнае становішча, адмяняць яго ў Беларусі пакуль, здаецца, не плануюць, хаця, напрыклад, у Казахстане гэта мерапрыемства ўжо адменена.

«Народная Воля» звярнулася да самых розных людзей з пытаннем: ці мэтазгодна сёлета праводзіць ваенны парад?

Віктар КАЗЬКО, пісьменнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа:

– Нам наогул не патрэбны гэтыя гульні ў вайну невядома каго і невядома з кім. Лепш бы тыя грошы, што патрацяць на парад, аддалі апошнім ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, пакуль яны яшчэ не вымерлі, тым удовам, дзецям, якія не дачакаліся з франтоў сваіх блізкіх.

Навошта гэтыя парады ў XXI стагоддзі?! Даўно час спыніцца! І не толькі з-за каранавіруса. Спачатку дайце людзям нармальнае жыццё, забяспечце тых, хто яшчэ жывы, а затым ужо насіцеся па цэнтральных вуліцах з танкамі.

Вадзім ГІГІН, дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта:

– 75-я гадавіна Перамогі – гэта, безумоўна, важная дата. Трэба глядзець, як далей будуць развівацца падзеі, бліжэй да 9 Мая карціна стане зразумелай. Урачы, эпідэміёлагі дадуць рэкамендацыі, у адпаведнасці з гэтым трэба дзейнічаць і глядзець, у якой форме мы будзем адзначаць гэтую важнейшую падзею ў нашай гісторыі і якім чынам мы аддадзім даніну подзвігу нашых продкаў.

Традыцыйна заўсёды гэта быў ваенны парад. Зараз сітуацыя незвычайная, але, зыходзячы з таго, як яна будзе развівацца ў красавіку, і трэба прымаць рашэнне.

І пры чым тут толькі парад? Чаму вы не пытаецеся, ці паедуць беларусы масава на могілкі на Радуніцу?

Радзім ГАРЭЦКІ, акадэмік:

– Не патрэбны парады, асабліва ў такі складаны час. Хаця хто да гэтага прыслухаецца? У нас жа што беларускі кіраўнік скажа, тое і будзе.

Міхась БУЛАВАЦКІ, настаўнік, сябра ГА «Таварыства беларускай мовы»:

– Як мне падаецца, нам наогул такія мерапрыемствы не патрэбны. Ваенныя парады – гэта старая савецкая традыцыя. Калі глядзець на вайну толькі як на нешта гераічнае, то гэта няправільна. Вайна – гэта бяда, помесь гераізму і подласці. А пра подласць, якая мела месца падчас вайны, у нашых дзяржаўных СМІ чамусьці мала пішуць.

Таму, на мой погляд, парад трэба адмяніць, а грошы лепш аддаць на падтрымку тых, хто перажыў вайну. Але нашы ўлады такія, што яны ад парада наўрад ці адмовяцца.

Уладзімір РАДКЕВІЧ, былы віцэ-прэм’ер Рэспублікі Беларусь:

– Калі зыходзіць з апошніх заяў беларускага кіраўніка, лічу, што можна праводзіць парад. Я не думаю, што загартаваныя вайскоўцы могуць падвяргацца атацы нейкіх вірусаў. І яшчэ хачу сказаць, што на ўсім не сэканоміш. Юбілей перамогі – гэта вялікае свята, таму яго абавязкова трэба адзначыць. Не думаю, што на парад пойдуць нейкія вельмі вялікія сродкі.

Ганна КАНАПАЦКАЯ, экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу:

– Яшчэ тры гады таму, калі была дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, я выходзіла з прапановай і да Міністэрства абароны, і ў Мінгарвыканкам, з тым каб ваенныя парады наогул не праводзіліся. А сённяшняя сітуацыя з каранавірусам можа быць дадатковай падставай для таго, каб іх не праводзіць.

Генадзь МАРОЗАЎ, пенсіянер:

– Мяркую, што сам фармат ваенных парадаў ужо састарэў. Гэтыя мерапрыемствы сталі архаічнымі. Калі ўлада хоча аддаць даніну памяці нашым продкам, якія ваявалі, трэба шукаць нейкія новыя падыходы.

Старое пакаленне гэтыя мерапрыемствы, можа быць, і грэюць, а моладзі «парад танкаў і камбайнаў» не асабліва і цікавы. Ды і не трэба лішні раз рызыкаваць здароўем людзей.

Віктар АЛАМПІЕЎ, дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання:

– З аднаго боку, парад спецыфічны, звязаны з вялікай датай – 75-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. А з іншага – яго можна было б і адмяніць, бо сёння ў краіне столькі праблем, што ў мяне ўжо не хапае літаратурных слоў. У нас некаторыя працоўныя атрымліваюць у месяц менш, чым бамжы у Еўропе, а ўлады парады ладзяць.

***

Газета “Народная Воля” № 23 (4481)

Поделиться: