Зоя Белахвосцік. Фота https://minsknews.by

Як стала вядома, «Хрустальная Паўлінка» – прафесійны прыз Беларускага саюза тэатральных дзеячаў, які штогод уручаецца да Міжнароднага дня тэатра, – будзе прэзентавацца сёлета «на аддаленні». Узнагароджанне пры вялікім збегу народа ў сталічным Доме дружбы, дзе звычайна збіраліся таленты і паклоннікі, адмяняецца. Рашэнне Савета БСТД аб узнагародах разаслана ўсім з дапамогай сучасных сродкаў сувязі. І яно абвяшчае наступнае.

Галоўны беларускі тэатральны «Оскар» – «Хрустальная Паўлiнка» – уручаецца аднаму з самых вядомых артыстаў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, улюбёнцу гледачоў Віктару Манаеву, народнаму артысту Рэспублікі Беларусь.

Манаеву – тэатральны «Оскар», Белахвосцік – пажыццёвую стыпендыю
Віктар Манаеў. Фота https://nastgaz.by

За адданасць тэатру і шматгадовую творчую працу «Хрустальным анёлкам» узнагароджаны галоўны рэжысёр Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Аляксей Ляляўскі.

Манаеву – тэатральны «Оскар», Белахвосцік – пажыццёвую стыпендыю
Аляксей Ляляўскі. Фота https://minsknews.by

Дзве артысткі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага таксама ўдастоены сёлета тэатральных «хрусталёў»: Алена Уладамірская (Пастрэвіч) адзначана «Хрустальнай зоркай», а дэбютантка Вольга Здзярская – «Хрустальнай кветкай».

Усе пералічаныя артысты ўзнагароджаны грашовымі прэміямі. Сума, трэба сказаць, даволі сціплая – па некалькі базавых велічынь, таму старшыня БСТД Аляксей Дудараў прасіў не афішаваць лічбы. Яму, вядома, хацелася б у гэта прафесійнае свята аддзячыць таленавітым акцёрам тысячамі рублёў – хоць на глыток раскошы! Але рэальнасць у нас іншая. Так што не будзем раскрываць бухгалтэрыю. Тым не менш дададзім, што саюз і ў гэтым годзе змог вылучыць адмысловую стыпендыю: штомесячнае грашовае ўзнагароджанне, якое будзе выплачвацца да канца жыцця (!) яркаму прадстаўніку адной з вядомых беларускіх тэатральных дынастый. Ёсць у БСДТ такая намінацыя! І ў гэтым годзе, паводле рашэння савета БСТД, стыпендыя прысуджана народнай артыстцы Зоі Белахвосцік з тэатральнай дынастыі Глебавых– Белахвосцікаў – Гарцуевых. Ёй таксама ўручаецца прыз «Агмень». Што зусім дакладна трапляе ў сутнасць і характар яе бліскучага таленту.

***

Газета «Народная Воля» № 23 (4481)