Корпус Гомельскага каледжа імя Н. Сакалоўскага. Фота аўтара

У Гомельскім дзяржаўным каледжы мастацтваў імя Нестара Сакалоўскага адмянілі канцэрты і калектыўныя заняткі ў групах.

Гэта спраўдзіла журналісту “Народнай Волі” дырэктар каледжа Тацяна Пузырэнка. Яна паведаміла таксама, што каля 30 будучых музыкантаў, харавікоў і дырыжораў праз заявы бацькоў не наведваюць каледж, а займаюцца дома самастойна.

“Нават калі б не было гэтага злашчаснага каранавірусу, – тлумачыць Тацяна
Іванаўна, – то, паводле Кодэкса аб адукацыі, бацькі, напісаўшы заяву, маюць
права цягам месяца забраць сваіх дзяцей і навучаць іх дома. На тое бываюць
розныя прычыны, а тым больш, калі ёсць нейкія праблемы са здароўем. Да
таго ж у звязку з пагрозай каранавірусу Міністэрства адукацыі дазволіла
навучэнцам не наведваць заняткі, а займацца па індывідуальнаму плану
дома”.

Кіраўніца навучальнай установы дадала, што зараз вырашаецца пытанне, ці
будзе сёлета ў каледжы праводзіцца XIII адкрыты форум “Пеўчая акадэмiя”,
запланаваны на 27-28 сакавiка.

Адміністрацыя паведаміла таксама, што дзеля мінімізацыі магчымасці
распаўсюду вірусных інфекцый, падрыхтоўчыя курсы на веснавых канікулах
будуць праводзіцца без групавых заняткаў па тэорыі музыкі і сальфеджыа —
выключна індывідуальна па спецыяльнасці. І толькі харавікі будуць
рыхтавацца ў групах.