Зміцер Вайцюшкевіч. Фота http://europaplustv.by

Беларускі мызука распавёў у інтэрв’ю, як на яго планы паўплывала пандэмія каронавіруса і што ён будзе рабіць, перадае «Радыё Рацыя».

— Безумоўна, сітуцыя з каронавірусам унесла карэктывы ў маю творчую дзейнасць. Давялося адмяняць альбо пераносіць на няпэўны перыяд канцэрты, якія павінны былі адбыцца ў бліжэйшчы час. Скажам, 26 сакавіка павінен быў прайсці канцэрт у Магілёве, 27-га – у Гомелі, напачатку красавіка – у Гародне і Лідзе. Але, здаецца, на гэты час людзям не да канцэртаў. Лічу, што зараз не вельмі карэктна лезці да іх у вочы са сваім песнямі.

— Як выкарыстаеце вольны час?

— У мяне ёсць чым займацца. Я рыхтую новы альбом для дзяцей на вершы паэта Аляксея Пысіна. Гэта даволі цікавы праект, над якім мне лёгка і радасна працуецца. Таму, мяркую, якраз да канца вясны хопіць часу і рэсурсаў, каб яго закончыць.

— Самі нейкім чынам засцерагаецеся ад каронавіруса?

— Я жыву ў прыватным сектары пад Мінскам, таму стараюся пазбягаць наведвання “масовак”. Вось і ўсе перасцярогі.