Ілюстрацыйны здымак. Фота https://www.province.ru

Мая сяброўка Ларыса Цялегіна жыве ў Італіі, у горадзе Трыесце. Мае сертыфікат нацыянальнага гіда, яе паслугі вельмі запатрабаваны ў рускамоўных турыстаў. Днямі яна змясціла ў “Інстаграме” такі зварот да сваіх падпісчыкаў:

“Паверце: зараз да вас звяртаецца адзін з самых аптымістычных аптымістаў, хаця, магчыма, вам так не падасца.

Мы ў рэгіёне Фрыулі–Венецыя– Джулія ўжо колькі дзён сядзім на каранціне. І мая грамадзянская пазіцыя ўжо не дазваляе мне маўчаць. А яна ў наступным: сёння дапамагчы Італіі я магу толькі тым, што буду заставацца дома.

Італьянцы і тыя, хто жыве тут, добра праінфармаваны, і кожны вырашае за себя. Так, я яшчэ 1 сакавіка вазіла турыстаў у Венецыю і ўвогуле лічыла, што гэта нечы злы жарт, у крайнім выпадку эпідэмія звычайнага грыпу. Сёння я так не думаю. І хачу дапамагчы тым людзям, да якіх гэта хвароба яшчэ толькі ідзе. А яна прыйдзе і ва ўсю Еўропу. Урачы сцвярджаюць: зараз тое, ці пераможам мы ў гэтай сітуацыі, залежыць толькі ад нас. Мы павінны заставацца дома!

Калі вы не чалавек сталага веку і ў вас няма хранічных захворванняў, вы маеце шанц перажыць вірус бессімптомна альбо перанесці яго лёгка. Але вы можаце накіраваць
свае сілы на абарону іншых людей – шляхам вашай жа ізаляцыі.

Маладыя людзі, не хвалюйцеся за сябе і сваіх дзяцей. Турбуйцеся за сваіх бацькоў і пажылых сваякоў. Няўжо нашы, вашы старыя не вартыя таго, каб іх берагчы?”

Ведаю, што многія з тых, хто гэта прачытае, скажуць: ну канешне ж, яна там, у Італіі, можа сабе дазволіць сядзець дома, не тое што мы тут! Але я лічу, што Ларыса кажа пра так званыя сацыяльна адказныя паводзіны. І гэта павінна быць перакананнем, грамадзянскай пазіцыяй любога чалавека ў любой краіне!

Дзякуй богу, у нас, па меншай меры пакуль, сітуацыя не такая, як зараз у Італіі! Але, на жаль, вось да чаго мы ў большасці няздольныя, дык гэта паміж “зрабіць як трэба” і “зрабіць як мае быць” выбраць першае. Ці не надышоў час кіравацца думкай “няхай сёння з мяне пасмяюцца, чым я заўтра паплачу”?

На жаль, упэўнена: у нас той, хто занядужыць, хоць раз, але з’ездзіць на працу, пасядзіць у калектыве, зойдзе ў краму. А пра тое, каб такі чалавек надзеў медыцынскую маску, лепей не заікацца – пабіць не паб’е, але абурыцца дакладна. А гэты ж “храбрэц” паставіць пад пагрозу заражэння ўсіх, хто будзе побач, і няважна, гэта ВРВІ, грып або каранавірус.

Разумею, адкуль ногі растуць: сто гадоў гераізм і самаахвярнасць былі справай гонару. На чыім прыкладзе выхоўваліся многія пакаленні маладых людзей? Паўкі Карчагіна. А што такое прыклад? Гэта той вобраз, стаць падобным на які ўсе павінны былі імкнуцца. Такім чынам атрымлівалася, што любы малады чалавек падсвядома ў ідэале бачыў сябе паўсляпым, паўглухім паралітыкам – і тады ён будзе варты ўхвалы і пашаны.

Дык вось сёння, упэўнена, сацыяльна адказныя паводзіны ў тым, каб не праяўляць такі гераізм, а пры першых жа прыкметах захворвання застацца дома і звярнуцца па медыцынскую дапамогу, а не выпраўляць стан зёлкамі-прыпаркамі. Хаця і яны як дапаможны сродак не адпрэчваюцца.

Сёння наша сіла ў тым, каб прызнаць нашу слабасць: апрануць маску, як бы недарэчна пры гэтым мы ні выглядалі, прызнацца сабе, што работа без нас нікуды не
дзенецца і не загіне, звярнуцца па дапамогу і паберагчы тых, хто побач. Давайце будзем моцныя!

***

Газета «Народная Воля» № 22 (4480)

Поделиться: