Кажучы ўчора пра прычыны замены міністра сельскай гаспадаркі, Аляксандр Лукашэнка патлумачыў, што для гэтай пасады спатрэбіўся больш вопытны ўпраўленец. Што ж, паглядзім, наколькі апраўдае давер прэзідэнта Іван Крупко, які многія гады працаваў у Нясвіжскім раёне, а ў апошнія два – у Мінскім.

Былому міністру сельскай гаспадаркі знойдуць новую працу
Іван Крупко. Фота: https://www.sb.by

Што тычыцца ранейшага міністра Анатоля Хацько, то ён пяройдзе на іншую работу. “У яго прафесія добрая. У нас у жывёлагадоўлі праблем хапае. Страціць яго ні ў якім разе нельга, трэба прадаставіць работу”, – сказаў А.Лукашэнка.

Іван Крупко нарадзіўся ў 1974 годзе ў вёсцы Бурлевічы Карэліцкага раёна. Скончыў Гродзенскі дзяржаўны сельскагаспадарчы інстытут у 1998-м і Акадэмію кіравання пры прэзідэнце Беларусі ў 2007 годзе. Працоўную дзейнасць пачаў у 1998 годзе, быў галоўным заатэхнікам калгаса “Рассвет” у Нясвіжскім раёне. З 2003 года перайшоў у Нясвіжскі райвыканкам, дзе спачатку займаў пасаду начальніка аддзела па арганізацыі вытворчасці і перапрацоўкі прадукцыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, а з 2006 года – першага намесніка начальніка ўпраўлення. У 2010-м кіраваў гэтым упраўленнем, быў першым намеснікам старшыні Нясвіжскага райвыканкама. У 2010–2018 гадах узначальваў райвыканкам. Да прызначэння міністрам працаваў старшынёй Мінскага райвыканкама.

***
Газета “Народная Воля” № 22 (4480)

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»