Алесь Круткін. Фота: facebook.com

Полацкі актывіст, які за расклейку ўлётак адсядзеў у ізалятарах часовага ўтрымання 45 сутак запар, распавёў «Народнай Волі» пра сябе і пра тое, чым займаўся за кратамі паўтара месяца.

– 27 студзеня мяне затрымалі, – успамінае Алесь Круткін. – Закінулі ў машыну, павезлі ў аддзяленне міліцыі. Дарэчы, пакуль сядзеў, то падлічыў, што за тыя 45 дзён, што я знаходзіўся на «сутках», адмыслова дзеля мяне было задзейнічана 19 міліцэйскіх машын. Вазілі на суды то ў Полацк, то ў Лепель, то вярталі ў Віцебск. Гэта ж колькі бензіну спалілі на мае «экскурсіі»!

Я спачатку ўвогуле думаў, што затрымаюць толькі на тры гадзіны, а затым адпусцяць і дадуць штраф. У Віцебску некалькі разоў перараблялі пратаколы, вінавацілі спачатку ў дробным хуліганстве, затым я ўжо «стаяў у пікеце», хаця там наогул не было ніякай доказнай базы. Адным словам, столькі адміністрацыйных спраў «пашылі», што 45 сутак – гэта яшчэ сціпла. Магчыма, далі б і больш, але я прыгразіў галадоўкай, таму яшчэ ў адным выпадку атрымаў штраф у 50 базавых велічынь.

Агулам жа ў апошні час мне выпісалі 60 сутак зняволення ў ізалятарах часовага ўтрымання і 150 базавых велічынь штрафу (4050 рублёў).

– Якія былі ўмовы ўтрымання?

– Натуральна, што ізалятар – гэта не атэль, але па вялікім рахунку нічога жудаснага я не ўбачыў. Вось былога прэзідэнта Уругвая Хасэ Мухіку пасадзілі ў яму, а ў Беларусі яшчэ больш-менш цывілізацыя.

Таму мне пашанцавала, што краіна знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, бо ў Афрыцы прадстаўнікоў апазіцыі ужо даўно скармілі б кракадзілам. А нашаму кіраўніцтву даводзіцца пераконваць Еўропу, што ў Беларусі ёсць нейкія законы, працуе Адміністрацыйны кодэкс, суды, што ў краіне праводзяцца выбары.

– За паўтара месяца вы пабывалі ў ізалятарах трох гарадоў – Віцебска, Полацка і Лепеля. Можаце параўнаць?

– У кожным ізалятары ёсць свае плюсы і мінусы. Напрыклад, калі чалавек паліць, то яму лепш сядзець у Полацкім ізалятары часовага ўтрымання, бо там кожныя дзве гадзіны на прагулцы дазволена паліць. Калі казаць пра ежу, то лепш кармілі ў Віцебску. А пра Лепель наогул нічога не магу сказаць, бо туды мяне прывезлі перад судом усяго на некалькі гадзін.

– Ведаю, што ў ізалятарах вы шмат чыталі…

– За 45 сутак прачытаў 20 кніг. Апошняе, што праглынуў, – раман Маргарэт Мітчэл «Знесеныя ветрам». І, акрамя гэтага, напісаў за гэты час 56 вершаў. Можа быць, з часам удасца нават кнігу выдаць.

– Дык прадукцыйна пасядзелі!

– Ва ўсім дрэнным можна знайсці нешта добрае, калі з аптымізмам глядзець на гэтае жыццё. Дарэчы, першым чытачом маіх твораў заўсёды быў начальнік ізалятара. Цэнзура! Каб, барані Бог, нічога крамольнага не напісаў пра іх установу. Праўда, мы дамовіліся з начальнікам, што чарнавікі я буду выкідваць, а чытаць ён будзе толькі апошні варыянт. Не хацелася ж перагружаць чалавека непатрэбнай работай.

– Ацаніў вашы літаратурныя творы?

– Шчыра кажучы, публічна мне ацэнку не даваў. А вось калі мяне вызвалялі з віцебскага ізалятара, то давялося пагутарыць з намеснікам начальніка Віцебскай абласной міліцыі, які 40 хвілін праводзіў са мной прафілактычную гутарку. І, ведаеце, суразмоўца аказаўся чалавекам даволі гуманітарным – паразмаўлялі і пра гісторыю, і пра паэзію.

– А ў камеры было з кім перакінуцца словам?

– У асноўным адзін знаходзіўся, хаця ў Полацку былі суседзі. Публіка трапляе туды па традыцыйных прычынах: п’янка, «хуліганка», дробны крадзеж, тыя, хто чакае дэпартацыі. Гэтыя катэгорыі даўно вызначаны і з часам практычна не змяняюцца. Хіба што «палітычныя» іх зрэдку разбаўляюць.

– Ці атрымлівалі вы лісты са словамі падтрымкі?

– Я ведаю, што пісалі мне шмат, але ў выніку я атрымаў толькі тры лісты. Астатнія фільтраваліся і недзе знікалі.

– Чым вы займаецеся акрамя таго, што маеце актыўную грамадзянскую пазіцыю?

– Відэаблогерствам. З’яўляюся актывістам кампаніі «Еўрапейская Беларусь», браў удзел у парламенцкай выбарчай кампаніі. Раз-пораз пішу ў розныя выданні артыкулы на грамадска-палітычныя тэмы, спрабую сябе ў паэзіі.

– Колькі падпісчыкаў мае ваш блог «Самакруткін»?

– Некалькі тысяч. А за мінулы год, напрыклад, мой блог праглядзелі сотні тысяч людзей.

– Гэта вам прыносіць нейкі прыбытак?

– Ніякага, бо не тыя лічбы падпісчыкаў. Я ж не блогер-«мільённік», у мяне не такія памеры аўдыторыі. Гэта «мільённікі» маюць і рэкламу, і іншыя цікавыя грашовыя прапановы. Увогуле, блог, выпускі якога прысвечаны палітычнай тэматыцы, мала каго цікавіць у плане бізнес-супрацоўніцтва. Такая сітуацыя, дарэчы, не толькі ў Беларусі, а і па ўсім свеце.

***

Газета “Народная Воля” № 22 (4480)

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»