Барыс Жаліба

Эканаміст Барыс Жаліба патлумачыў, ці справакуе падзенне беларускага рубля рост цэн у Беларусі.

Зніжэнне коштаў на нафту пацягнула за сабой абвал расійскага рубля, а суадносна і беларускага. Ці будуць гандляры прывязваць валютны курс да коштаў на тавары?

Такім чынам, у студзені інфляцыя была каля 1 працэнта, а яшчэ і ў лютым — 1 працэнт. Гэта вельмі шмат. Звычайна сярэднемесячная інфляцыя ў Беларусі — 0,5 працэнта. А цяпер гэтая лічба падвоілася.

Барыс Жаліба распавёў ў каментары Радыё Рацыя:

— Ужо ёсць істотнае падвышэнне — інфляцыя за студзень склала 1 працэнт, цэны на тавары і паслугі выраслі. І гэта нават не ўлічваючы апошнія падзеі з абвалам цэн на нафту і дэвальвацыі беларускага рубля. Мы шмат страцілі ў экспарце нафтапрадуктаў пасля канфлікту з Расіяй, а таму мелі такую інфляцыю ў студзені.

— Дэвальвацыя рубля паскорыць падвышэнне цэн?

— Безумоўна. Хутчэй за ўсё, рубель не адыграе свае пазіцыі, якія былі да абвалу коштаў на нафту. Ёсць закон эканомікі, згодна з якім дэвальвацыя ідзе нага ў нагу з інфляцыяй. Калі падаражэў долар, то падаражэе і ўвесь імпарт. Арганізацыі, якія будуць займацца імпартам, набываюць долары значна даражэй, а таму імпартныя тавары таксама будуць даражэйшыя. Таму ў студзені-лютым была інфляцыя з-за зніжэння экспарту нафтапрадуктаў, а зараз абвал рубля яшчэ больш паскорыць рост цэн.