Па запраектаванай 5 гадоў таму вуліцы народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна ў Віцебску на легкавіку не праехаць – загразнеш. І прайсці па ёй можна хіба ў гумовіках. Зрэшты, ездзіць і хадзіць па той вуліцы пакуль няма куды – стаіць на ёй усяго некалькі прыватных дамоў, ды і то недаведзеных да ладу.

Пад вуліцу паэта і навукоўца Алега Лойкі ў Слоніме мясцовыя ўлады ўвогуле адвялі пустку каля могілак – няма за што воку зачапіцца.

Вуліца Францішка Скарыны ў Мінску пасля “выгнання” з цэнтра апынулася ажно за кружной дарогай – з навігатарам ледзь знойдзеш…

Аказваецца, і нібыта ўшаноўваючы, можна зняважыць людзей, якія з’яўляюцца гонарам Беларусі. Быццам адправіць у пасмяротную ссылку. Як кажуць, з ваччу сышоў – і з памяці зваліўся. Хоць ты народны паэт, хоць акадэмік, хоць нацыянальны герой, вядомы ва ўсім славянскім свеце.

Але больш за ўсіх не пашанцавала Стэфаніі Станюце. Двойчы народнай артыстцы (СССР і Беларусі), легендзе Купалаўскага тэатра дасталася вуліца мала таго што на сталічнай ускраіне, дык яшчэ і на закрытай тэрыторыі. Высокая агароджа, шлагбаум і будка ахоўніка – не праехаць не прайсці без дазволу. Як у гета. І ўзнікла тое гета не ў тысячагадовым райху, што кануў у каламутную Лету, а ў Савецкім раёне Мінска, непадалёк ад Цнянскага вадасховішча.

Пра тапанімічнае дурноцце ў Віцебску, дзе ў цэнтры горада да гэтай пары 10 вуліц носяць імя Надзеі Крупскай, пяць – Свярдлова, чатыры – Чкалава і г.д., я пісаў у адной з леташніх калонак. Думаючы, што паспаборнічаць з такой вулічнай вар’ятняй больш ніхто не адважыцца. Я памыліўся. Адважыўся – мой родненькі Мінск. І як жа шкада, што аб’ектам для нечуванай раней вулічнай прыхватызацыі было абрана імя Стэфаніі
Станюты.

Хто ж “зняволіў” і схаваў ад прахожых вуліцу ўсенародна любімай артысткі?..

Поўны тэкст калонкі Міхася Скоблы чытайце ў газеце «Народная Воля» за 13 сакавіка

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»