Юрась Губарэвіч: «Добра, што ў інтэрнэце нас яшчэ не расстралялі…»

481
Фота: facebook/Ales Piletski

У мінулую нядзелю завяршыўся трохдзённы тур удзельнікаў народнага галасавання па выбарах адзінага кандыдата ад апазіцыі на прэзідэнцкую кампанію 2020 года.

Галасаванне прайшло ў шасці гарадах Віцебскай вобласці і пакуль што ў лідарах сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”
Павел Севярынец, якога падтрымалі 150 чалавек.

На другім месцы – старшыня руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч – 50 галасоў, затым ідуць выконваючы абавязкі старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў (24), намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч (7) і сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”
Вольга Кавалькова (3).

– Мне падаецца, што гэта, наадварот, паказвае, што ў народа да гэтага праекта няма асаблівага інтарэсу…

– Я хачу адзначыць, што на першым этапе галасуюць тыя, хто так ці інакш звязаны з палітычнай альбо грамадскай дзейнасцю і з’яўляюцца актывістамі тых ці іншых структур, – кажа Юрась Губарэвіч. – Натуральна, хацелася б пашырыць гэтае кола за кошт грамадзян, якія не вядуць актыўнага палітычнага жыцця, але зацікаўлены ў пераменах. Калі такія людзі далучацца, то мы выканаем усе тыя задумкі, што ёсць у арганізатараў кампаніі.

– Вы перамаглі ў Гарадку, атрымаўшы ўсяго чатыры галасы. У Паўла Севярынца – тры, у Аляксея Янукевіча – адзін. Зусім сумная карціна, ці не так?

– Па-першае, гэта першы горад, які мы наведалі. Магчыма, у людзей былі пэўныя страхі, а таму не ўсе хацелі ісці на мерапрыемства. У рэгіёнах многія баяцца страціць працу, таму не выключана, што некаторыя перастрахаваліся. Практыка паказвае, што ад улад можна чакаць чаго заўгодна.

І павелічэнне ўдзельнікаў галасавання ў іншых гарадах паказала, што народ пачаў больш актыўна далучацца да выбару адзінага кандыдата. У Віцебску на сустрэчу прыйшлі 100 чалавек, у Наваполацку – 67…

– У інтэрнэце многія крытыкуюць такое “народнае галасаванне” і іранізуюць з яго. Як да гэтага ставіцеся?

– У інтэрнэце добра, што нас яшчэ не расстралялі. Мы не звяртаем вялікай увагі на тое, што хтосьці з нашай ініцыятывы кпіць альбо іранізуе, лежачы на канапе. Зброі супраць гэтай арміі канапных каментатараў няма. Іх трэба проста ігнараваць.

У першую чаргу мы звяртаемся да тых, хто хоча далучыцца да нас. Дзверы адчынены для ўсіх, у нас наперадзе яшчэ велізарная колькасць паездак і сустрэч, падчас якіх удзельнікам праймерыз можна задаць абсалютна любое пытанне. Наша задача – каб людзі не проста ляпалі дома па клавіятурах, а самі бралі ўдзел у выбарах адзінага.

– Як мясцовыя ўлады ставяцца да правядзення вашых мерапрыемстваў? Не ставяць палкі ў колы?

– Не перашкаджаюць, а хутчэй прыглядаюцца да таго, што адбываецца. Раней, калі ў перыяд перадвыбарнай кампаніі мы наведвалі рэгіёны, за намі ездзілі мікрааўтобусы з прадстаўнікамі спецслужб, сачыла міліцыя, мерапрыемствы здымалі на камеры. Зараз усяго гэтага няма.

Затое на сустрэчы прыходзяць афіцыйныя прадстаўнікі райвыканкама, і ў Міёрах, напрыклад, чыноўнік нават узяў удзел у галасаванні. Не думаю, што гэта мясцовая ініцыятыва, магчыма, такі загад зверху, каб “вертыкальшчыкі” адсочвалі сітуацыю і прымалі нейкія рашэнні.

Спадзяюся, у іх хопіць розуму і надалей не рабіць нам перашкод, бо той палітычны працэс, што зараз ідзе, на карысць Беларусі.

P.S. Наступная сустрэча з удзельнікамі народнага галасавання па выбарах адзінага кандыдата ад апазіцыі пройдзе сёння, 10 сакавіка, у Лепелі.

***

Газета “Народная Воля” № 20 (4478)


Няма запісаў для адлюстравання