Браты Іван і Ілья за браніраваным шклом суда Савецкага раёна Гомеля. Фота аўтара.

10 сакавіка ў судзе Савецкага раёна Гомеля распачаты разгляд крымінальнай справы супраць траіх хлопцаў цыганскай нацыянальнасці. Старэйшаму з іх 19 гадоў, меншаму – 17. Іх абвінавачваюць паводле пяці крымінальных артыкулаў – крадзёж, разбой, выкраданне чалавека, угон аўтамашыны, рабаўніцтва. У аднаго з тройкі ёсць яшчэ і шосты артыкул – уцёкі з-пад варты.

Цыганскія хлопцы гулялі…
Фота аўтара

За “прыстойнымі гульнямі” – крадзеныя акумулятары

Цыганскія хлопцы – суседзі. Жывуць у Гомелі на вуліцы Пінскай. Ілья і Іван – родныя браты. Яшчэ адзін непаўнагадовы Іван М. – іхні сусед. Усе трое скончылі толькі 9 класаў. Пасля гэтага нідзе не вучыліся і не працавалі. Біяграфію сваю па-за школай пачыналі з крадзяжу. Іван М., напрыклад, распавёў, што пасля “прыстойных гульняў” з сябрам Пятром пайшоў праводзіць таго дахаты. Час быў за поўнач. Калі развіталіся, пабачыў аўтамашыну ВАЗ-2106, якая стаяла каля энергабудкі аднаго з дамоў. Здолеў адкрыць капот – машына была без сігналізацыі. Выцягнуў акумулятар, ламануў дзверы, забраў пару гаечных ключоў. Калі заўважыў мужчыну, які ішоў у яго бок, папрасіў закурыць. Той нічога не западозрыў, пачаставаў сігарэтай.

Побач з абрабаванай аўтамашынай стаяла яшчэ і “сямёрка” – ВАЗ-2107. Яна таксама была без сігналізацыі. Іван і яе абчысціў – таксама выцягнуў акумулятар. Абедзьве батарэі прадаў гамельчуку за 23 рублі, каб “мець грошы на кавярню”.

Хлопцы кралі бензін з машын, металічныя трубы з падворкаў, каб здаць на металалом і такім чынам “зарабіць” сабе на пражыццё. Іх судзілі, давалі ўмоўныя тэрміны альбо грамадскія працы. Тройка клятвенна запэўнівала міліцыю і суды, што надалей ніхто з іх не будзе займацца супрацьпраўнымі дзеяннямі. Гэта ўлічвалі. Шкоду пацярпелым гараджанам яны таксама кампенсавалі. Леаніду С., да прыкладу, сваякі Івана М. купілі новы акумулятар і заплацілі яшчэ 20 рублёў за рамонт дзвярнога замка аўтамашыны.

Дваім – скутары, большаму – матацыкл

Мінулай вясною тройка гуляла ў працілеглым баку Гомеля – каля Лядовага палаца. Якім ветрам іх занесла ў позні час амаль за дзесяць кіламетраў ад дома, следства не ўдакладняла. Гулялі, значыць, гулялі – нікому не забараняецца.

Там хлопцы запрыкмецілі штрафную стаянку для аўтатранспарта. За асобнай агароджай знаходзілася каля дзесятка скутараў. Тройка абследавала тэрыторыю і, не выявіўшы камер відэаназірання, вырашыла абзавесціся мотатэхнікай. Ілля і Іван М. аблюбавалі сабе скутэры, Івану-вялікаму, які і ростам большы, і дужэйшы, прыйшоўся даспадобы матацыкл.

“Лёгкавагавыя” Ілля і Іван М. хутка забраліся за агароджу і ўдваіх падавалі скутары Івану-вялікаму. Падмагнуўшы хлопцам у справе крадзяжу скутэраў, Іван падаўся да матацыкла. Скінуў брызент і стаў каціць матацыкл на выхад.

“У праход паміж агарожай і шлагбаўмам матацыкл не пралез, – казаў на судзе Іван-вялікі. – Брат Ілья стаў падымаць шлагбаўм і трэснуў ім сабе па губе так, што ажно кроў пайшла”.

Але губляць дарагі час на такую дробязь налётчыкі не сталі – выкацілі свае маторы з аўтастаянкі і, што было сілы, кінуліся ўрассыпную, каб усім разам не патрапіць на “чужыя вочы”.

“Скутэры і матацыкл не заводзіліся, мы дакацілі іх да стаянкі “Еўраопта”. Стаміліся. Там іх і пакінулі. Дадому паехалі на таксі”, – дадаў, выступаючы ў судзе, Іван-вялікі.

Назаўтра Іван з братам Іллёй прыехалі першымі да “Еўраопта”, каб забраць скутэр і матацыкл. Саматугам піхалі скрадзеную мотатэхніку ў абход бойкіх магістраляў да сябе ў Савецкі раён. Але на вуліцы Валатаўской іх заўважыў міліцэйскі аўтапатруль. Хлопцаў затрымалі. Яны выдалі і трэцяга ўдзельніка начной вылазкі на штрафстаянку.

Ах, белая BMW!

Пакуль ішлі разбіральніцтвы, хлопцы не пераставалі куламесіць. Недалёка ад дома яны даўно запрыкмецілі белую раскошную машыну BMW-Х6. Зайдрасць ці блазнота разабрала хлопцаў, альбо тое і іншае разам, высветліць суд. Магчыма, разлічвалі і на пэўную лёгкасць здабычы. Гаспадыня BMW – мініяцюрная прадпрымальніца, не тое, што Іван-вялікі.

Вольга Д. бачыла да нападу тройцу цыганскіх хлопцаў. Яны мелі сяброўскія стасункі з адной дзяўчынай з яе дома.

Увечары 2 верасня мінулага года 35-гадовая прадпрымальніца прыпаркавала пасля працы сваю BMW каля дома і паспяшалася ў пад’езд. Не дайшла да яго з дзесятак метраў і атрымала нечакана моцны ўдар кулаком у твар.

“Я ўпала, мяне яшчэ некалькі разоў моцна ўдарылі, а пасля ўхапілі за рукі і ногі і запіхнулі ў маю ж машыну. Я крычала, спрабавала вырвацца, але мяне моцна ўтрымлівалі. Думаю, што ахвярай я стала выпадкова. Гэтыя цыганскія хлопцы мяне раней запрыкмецілі”, – распавяла прадпрымальніца.

Усё адбылося даволі хутка. Праз колькі хвілін машына з пленніцай была ўжо за горадам. Вазілі Вольгу з гадзіну. За рулём быў Іван-вялікі. Двое яго хаўруснікаў трымалі Вольгу на заднім сядзенні за рукі. Патрабавалі 15 тысяч долараў, пагражалі згвалтаваннем і расправай.

Вольга абаранялася, як магла: “У мяне ВІЧ”, “Хочаце грошай, вязіце назад у горад”.

Пяць тысяч долараў выратавалі жыццё

Выкрадальнікі завезлі прадпрымальніцу ў лес – яна думала, што на расправу. Тройка адкрыла багажнік і знайшла там 5 тысяч долараў, якія Вольга мелася вярнуць крэдыторам, але ў той дзень не паспела гэта зрабіць. Знойдзеная сума грошай у багажніку крыху прытупіла агрэсіўны настрой маладых хлапцоў. Яны патрабавалі, каб прадпрымальніца казала ўсім цікаўным, што сінякі і раны атрымала не ад пабояў, а пры падзенні. Вольга, канечне, пагаджалася.

На пад’ездзе да гораду машыну запрыкмецілі супрацоўнікі ДАІ. Аказваецца, суседзі бачылі, як Вольгу выкралі цыганы. Яны і патэлефанавалі ў міліцыю.

Уцякаючы ад ДАІ, белая BMW насілася па Навабеліцкаму раёну з шалёнай хуткасцю. Цыганскае трыо заскочыла ў тупік ў адным з двароў на вуліцы Дастаеўскага. Выкрадальнікі прадпрымальніцы кінуліся на ўцёкі. Аднак супрацоўнікі міліцыі затрымалі зламыснікаў.

У судзе абодва Іваны і Ілья толькі часткова прызналі сваю віну: маўляў, выкраданне прадпрымальніцы было, але без гвалту. Сваякі абвінавачаных цыганскіх хлапцоў, якія прыйшлі ў суд, таксама бурна рэагавалі на слова “гвалт” і нават пакідалі судовую залу.

Мне падалося, што падсудныя і іх сваякі не зусім адэкватна ўспрымалі словы “гвалт” і “згвалтаванне”. Апошняга ў дачыненні прадпрымальніцы сапраўды не было, але быў гвалт пры яе выкраданні і рабаўніцтве.

Суддзя Андрэй Лагуновіч, які разглядае крымінальную справу ў дачыненні трох маладых хлопцаў цыганскай нацыянальнасці, працягне на гэтым тыдні допыт пацярпелых і сведкаў.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»