Ілюстрацыйны здымак. Фота http://agriculture.by

У Гродзенскай вобласці, паводле розных звестак, прыкладна 40 фермерам падатковая інспекцыя выставіла рахункі: нібыта тыя на працягу доўгага часу (нават 10 гадоў і болей) не аплачвалі падатак за арэнду зямлі. Сумы разам з пеняй розныя: ад тысячы да 12 тысяч рублёў.

Сутнасць праблемы

Фермер з Бераставіцкага раёна Барыс Галабурда, маючы 36 гектараў зямлі ў пажыццёвай спадчыне, у 2006 годзе атрымаў як фізічная асоба яшчэ 20 гектараў у арэнду з мэтай пашырэння гаспадаркі.

– З 2006 года мы плацілі падатак за зямлю як юрыдычная асоба, – удакладняе Таццяна Галабурда, якая з’яўляецца саўладальніцай фермерскай гаспадаркі. – У той час мы карысталіся агульным парадкам падаткаабкладання, у тым ліку ад імя юрыдычнай асобы аплачвалі і падатак за арэнду зямлі.

З 2009 года гаспадарка перайшла на аплату адзінага падатку. Таццяна Іванаўна
паказвае дакумент падатковай інспекцыі, дзе чорным па белым запісана, што па арэнднай плаце гаспадарка мае нулявую запазычанасць.

І раптам з падатковай інспекцыі прыйшло паведамленне, у якім гаворыцца, што з 2009 года, калі гаспадарка перайшла на аплату адзінага падатку, яна перастала быць плацельшчыкам арэнднай платы за зямельны ўчастак. А таксама ўдакладняецца, што паколькі дамова арэнды была падпісана з фізічнай асобай, то і плацельшчыкам з 2006 года прызнаецца не гаспадарка, а грамадзянін Галабурда. І як вынік: за перыяд з 2009 па 2019 год ён павінен выплаціць арэндную плату ў памеры 766 рублёў і пеню за невыкананне падатковага абавязку ў памеры 353 рублі.

Падобныя ўведамленні, толькі з іншымі лічбамі, атрымалі яшчэ восем фермераў Бераставіцкага раёна, а таксама каля 40 ва ўсёй Гродзенскай вобласці. Большасць з іх, паскардзіўшыся адзін аднаму, задаволілі патрабаванні падатковай, а Таццяна Галабурда абурылася і пачала пісаць скаргі ў розныя інстанцыі. Падатковая інспекцыя Бераставіцкага раёна адрэагавала іскам у суд. Дарэчы, суд першай інстанцыі ўжо адбыўся, і рашэнне вынесена на карысць падатковай інспекцыі.

У Свіслацкім раёне фермер Барыс Лінкевіч не пагадзіўся плаціць суму амаль у 12 тысяч рублёў, выстаўленую падатковай інспекцыяй за арэнду зямлі, і працягвае дамагацца справядлівасці ў самых розных установах, у тым ліку і ў пракуратуры.

Аргументы фермераў

Большасць фермераў, з якімі даводзілася размаўляць і якія заплацілі падаткі па патрабаваннях, выстаўленых падатковай інспекцыяй, дагэтуль задаюцца пытаннем: за што?

– Усе падаткі ў сельгасвытворцаў аб’ядноўваюцца, і мы плацім адзіны, – настойвае фермер Станіслаў Саловіч з таго ж Бераставіцкага раёна, якому давялося заплаціць за арэнду зямлі разам з пеняй больш за чатыры тысячы рублёў. – Тая ж падатковая даводзіла нам гэта падчас сустрэч на семінарах, а зараз, згодна з іх логікай, за арэнду зямлі мы павінны плаціць двойчы, хаця ўжо заплацілі за гэта ў адзіным падатку.

Спадарыня Таццяна дадае, што ў статуце фермерскай гаспадаркі запісана, што
грамадзянін Галабурда з’яўляецца яе кіраўніком і выступае ў якасці юрыдычнай асобы. А падатковая спасылаецца на тое, што Галабурда арандуе зямлю як фізічная асоба. Жанчына пераканана, што гэта не так, паколькі Галабурда як фізічная асоба не праводзіць сельскагаспадарчай дзейнасці. Ад гэтага, маўляў, недакладнасці ў заканадаўстве, але ўсе спрэчныя пытанні чамусьці вырашаюцца толькі на карысць падатковай інспекцыі.

– Я ніяк не магу ўцяміць, што праз 13 гадоў раптам табе налічваюць падатак, які ты нібыта не плаціў – як так можа быць? – задаецца пытаннем Галабурда. – Ну добра, мы цёмныя сяляне, не адрываем галавы ад зямлі, а што тыя штаты чыноўнікаў у райвыканкаме? Мы ж кожны год разлічваліся па падатках, яны маюць усе дакументы, у тым ліку і тую ж дамову на арэнду зямлі…

Жанчына кажа, што, напэўна, многія разумеюць, якая цяжкая праца на зямлі, якім мазалём даецца кожная капейка, а тут, маўляў, табе ў адзін момант могуць заявіць, што ў нас недасканалае заканадаўства і будзь ласкавы заплаціць падатак з пеняй за 10 гадоў. Што гэта?

Падатковая спасылаецца на заканадаўства

Кіраўнік падатковай інспекцыі Бераставіцкага раёна Алена Васілюк, да якой «Народная Воля» звярнулася за тлумачэннямі сітуацыі, адказала, што раней іх служба папросту не валодала інфармацыяй аб заключанай дамове арэнды, паколькі яна не паступала ў падатковую інспекцыю.

– Цяпер, калі ў нас з’явіўся доступ да іншых баз, мы ўстанавілі, што падатак за арэнду не плаціўся, – падсумавала кіраўніца падатковай службы.

На маё пытанне, чаму дамова аб арэндзе не паступіла ў падатковую інспекцыю, яна адаслала мяне да заканадаўства, паводле якога «аплата арэнднай платы здзяйсняецца плацельшчыкам самастойна ў адпаведнасці з заключанай дамовай». І, маўляў, згодна з пунктам 9 дамовы арэнды, грамадзянін абавязаны ўносіць арэндную плату не пазней за 15 лістапада. Далейшай размовы ў нас не атрымалася…

Дзіўная логіка ў дзяржаўнага чыноўніка: не было баз, не было дамовы… А калі б гэтага не было яшчэ 10 гадоў? Значыцца, служба, якая ў раёне адказвае за збор падаткаў, можа 10 гадоў не бачыць, што іх не плацілі, а потым выставіць адпаведны рахунак разам з пеняй і спакойна працаваць далей? А чалавеку, які з раніцы да ночы працуе ў полі, які быў упэўнены, што добрасумленна плаціць усе падаткі, могуць проста сказаць, што ён мусіць заплаціць яшчэ за 10 гадоў? А калі ён пачне пярэчыць, то спагоняць грошы праз суд. У дадзеным выпадку так і атрымліваецца. Але ці можна так ставіцца да людзей, якія працуюць на эканоміку сваёй краіны?

«Трэба разам шукаць кампраміснае рашэнне»

У Гродзенскай абласной асацыяцыі фермераў пра сітуацыю з падаткамі добра ведаюць. Кіраўнік асацыяцыі Уладзімір Ушкевіч лічыць, што падаткі за арэнду зямлі такім спосабам налічваюцца несправядліва ў сілу недасканаласці заканадаўства.

На яго думку, аплата падатку за арэнду зямлі, якая выдзяляецца для вядзення фермерскай гаспадаркі, не адрэгулявана. Указ №101 прэзідэнта не прадугледжвае такія ж нормы, як у Падатковым кодэксе.

– Фермеры, калі падпісвалі дамову арэнды, лічылі, што гэта зямля фермерскай гаспадаркі, і так насамрэч і павінна быць, бо яна і выдзелена для вядзення гаспадаркі юрыдычнай асобай, а не на асабістыя патрэбы фізічнай асобы, – упэўнены Ушкевіч. – Але чамусьці наша заканадаўства можа трактаваць гэта інакш. Канешне, я не згодны з гэтым, але закон ёсць закон, яго пакуль ніхто не адмяніў.

Генеральны дырэктар абласной асацыяцыі фермераў звяртаўся ў многія высокія інстанцыі з афіцыйнымі лістамі, тлумачыў хібы, якія ёсць у заканадаўстве. Ёсць разуменне, але, маўляў, за адзін год заканадаўства змяніць не ўдасца.

– Падчас разгляду майго звароту з гэтай нагоды ў Адміністрацыю прэзідэнта старшыня аблвыканкама Уладзімір Краўцоў упэўнена сказаў, што ўсё павінна быць скіравана на чалавека, у тым ліку і заканадаўства, – канстатуе Ушкевіч. – Трэба разам шукаць кампрамісы і выйсце з падобных сітуацый.

Размаўляючы з фермерамі пра іх праблемы, даводзілася не адзін раз чуць, што іх праблема крыецца не толькі ў недасканалых законах і ўказах, а наогул у неспрыяльным для прыватнага бізнесу клімаце. Чыноўнікі розных узроўняў не імкнуцца спрыяць прыватнай ініцыятыве, а, як правіла, іх дзеянні зводзяцца да таго, каб прымяняць караючыя дзеянні і самім ні за што не адказваць.

***

Газета “Народная Воля” № 19 (4477)

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»