Андрэй Борка

У адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам таварыства ўласнікаў шматкватэрных жылых дамоў абавязана падтрымліваць належны санітарны стан зарэгістраванага за іх домам зямельнага ўчастка. Аднак утрыманне дамавой тэрыторыі не адносіцца да асноўных камунальных паслуг і паўстае пытанне – як дадаткова зручна для жыхароў гэта аплачваць?

Дзяржава па-рознаму дзеліць

Андрэй Борка старшыня больш дзясятка таварыстваў уласнікаў жылых дамоў у Гродне. Ён прыхільнік таго, што ўсякая зямля павінна мець свайго гаспадара. І менавіта ўласнік павінен сачыць за тым, каб яна знаходзілася ў адпаведным стане.

На сучасны момант, паводле Боркі, у Беларусі за часткай шматпавярховых жылых дамоў зарэгістраваны зямельныя надзелы для іх абслугоўвання і гэта азначае, што ўласнікі павінны падтрымліваць адпаведны санітарны стан. Значыць: пакасіць траву, прыбраць снег, падсыпаць пясок. Акрамя гэтага павінны ўтрымлівацца ў належным стане малыя архітэктурныя формы: альтанкі, дзіцячыя арэлі, лаўкі і г.д.

У той самы час за часткай жылых шматпавярховых дамоў падобныя надзелы для абслугоўвання дамоў не зарэгістраваныя і санітарны стан па іх утрыманню кладзецца на ЖЭСы, а дакладней на мясцовы бюджэт, альбо калі быць зусім дакладным на ўсіх падаткаплацельшчыкаў, у тым ліку і на тых, хто плаціць за ўтрыманне парадку вакол свайго дома, дзе жыве.

І гэта адна з несправядлівасцяў, як лічыць старшыня больш дзясятка таварыства ўласнікаў.

“Насамрэч не павінна дзяржава плаціць за тое, каб нехта збіраў пад балконамі бутэлькі. Калі яны ёсць, то гэта павінен рабіць за свае сродкі гаспадар, якому належыць зямля”, – коратка падсумоўвае Борка.

А таму, паводле яго, зямля каля шматпавярховых дамоў павінна мець канкрэтнага гаспадара. Хаця зараз фактычна, зямля, якая належыць таварыству ўласнікаў, з’яўляецца месцам агульнага карыстання, паколькі яна не агароджана і ёй карыстаюцца як тыя, хто належыць да таварыства, так і ўсе астатнія, якія папросту прыходзяць пакатацца на арэлях, альбо ідуць у краму.

“За гэта ж ніхто нікому ў нас нічога не кажа”, – канстатуе суразмоўца.

Але галоўная праблема ў іншым

Са слоў таго ж Боркі, праблема палягае ў тым, што санітарнае ўтрыманне прыдамавых тэрыторый не адносіцца да асноўных жыллёва-камунальных паслуг. А гэта азначае, што зямля ёсць, ты яе павінен ўтрымліваць, а ў жыроўцы адсутнічае радок: за ўтрыманне гэтай тэрыторыі.

Ад гэтага, як цвердзіць суразмоўца, і ўзнікаюць праблемы, паколькі жыльцы пачынаюць пытацца – чаму ў тым доме плацяць менш, а ў нашым больш, а чаму я наагул павінен яшчэ даваць грошы, калі гэтага няма ў жыроўцы і г.д.

Паводле яго, на практыцы аплату за ўтрыманне прыдамавой тэрыторыі вырашылі на агульным сходзе сябраў таварыства: большасцю галасоў прынята рашэнне здаваць на гэта грошы.

Праўда, далей паўстае больш складаная праблема. Пералічыць іх можна ўжо толькі па іншым паведамленні, паколькі дадаць новы радок у жыроўку – такога права няма. А гэта значыць: зрабіць дадатковую працу бухгалтару, каб надрукаваць дадатковыя паведамленні, патраціцца на паперу і яшчэ некаму трэба разнесці паведамленні па паштовых скрынках. Затраты, затраты, затраты…

Але і на гэтым галаўная боль і грашовыя траты не сканчаюцца. Аплаціць па новаму паведамленню, скажам 40 капеек на пошце, азначае дадаць яшчэ 60 за паслугі пошты. А калі правесці падобную аперацыю праз банк, то толькі паслуга абыдзецца ў два з паловай рублі.

Нават пераадолеўшы такую складаную схему, гэта яшчэ не гарантуе таго, што заплацяць усе сябры таварыства. На практыцы атрымліваецца, што адны ў камадзіроўцы, іншыя здаюць кватэру ў арэнду і г.д., а таму, паводле Боркі, нельга спадзявацца на людскую добрасумленнасць.

“Мы ўсе павінны разумець, што санітарнае ўтрыманне прыдамавой тэрыторый гэта разумны абавязак, і яго рэалізацыя не павінна ўтрымліваць столькі незручнасцей для плацельшчыка і дадатковых выдаткаў на ўтрыманне пасярэднікаў”, – такой формулы прытрымліваецца мой суразмоўца.

Знайшлі іншы спосаб, а нам кажуць: так нельга

Дзеля таго, каб гэтыя грошы прайшлі праз адну жыроўку па рашэнню агульных сходаў уласнікаў, дзе жыллёвыя таварыствы ўзначальвае Борка, уключылі ў радок: за цякучы рамонт.

“Пры гэтым мы абапіраліся на Жыллёвы кодэкс, паводле якога, у кампетэнцыю агульнага сходу арганізацыі ўласнікаў уваходзіць і пытанне вызначэння спосабу і памеру аплаты складак”, – канстатуе Андрэй Іванавіч.

Ліст з дзяржкантролю не заставіў сябе доўга чакаць і ў ім папярэджанне – у цякучы рамонт пакрыццё затрат на прыдамавую тэрыторыю ўключаць нельга. Вось такое непаразуменне. З аднаго боку Жыллёвы кодэкс з паўнамоцтвамі агульнага сходу, а з другога – кампетэнтныя органы з папярэджаннем. І ўсё ізноў ўпіраецца ў тое, што ў законе дакладна не прапісана, як павінна праводзіцца аплата на ўтрыманне прыдамавой тэрыторыі.

Стратэгія скіравана на эканомію

Чаму старшыня жыллёвых таварыстваў так дамагаецца таго, каб існавала толькі адно паведамленне? Аказваецца, у гэтым закладзена цэлая стратэгія. Паводле Боркі, ён ужо з 2018 года займаецца прасоўваннем гэтай ідэі.

“Справа ў тым, што ў мяне ўжо існуюць таварыствы, дзе 100% жыльцоў атрымліваюць электронныя паведамленні па рассылцы, па адмыслова распрацаванай праграме, – зазначае Андрэй Іванавіч. – А любое іншае паведамленне – гэта ўжо не рассылка, а дадатковыя траты на працу бухгалтара, паперу, на тое, каб разнесці яго па скрынях. Ды і чалавеку зручна атрымаць усё ў адным, а яны настойваюць, маўляў, давай два. Гэта вялікая розніца”.

Зрэшты, так ці інакш, але стратэгія Боркі скіравана ў прагрэсіўным кірунку, паколькі, яна эканоміць людскія грошы і рэсурсы, а гэта зараз падтрымліваецца не толькі ў нашай краіне, а і ва ўсім свеце.

Усе гэтыя праблемныя пытанні Борка неаднойчы падымаў перад міністэрствам камунальнай гаспадаркі на рознага кшталту семінарах і нарадах. Збіралі подпісы, складалі петыцыі, але воз і надалей стаіць на месцы. Чаму няма зрухаў у вырашэнні гэтай праблемы? Гэтага адказу вельмі чакаюць тыя, хто хоча эканоміць грошы і рэсурсы.

Андрэй Іванавіч звяртае ўвагу і яшчэ на адну акалічнасць. Паводле яго, калі лічбы за ўсе аплаты незашыфраваныя, а ў адным паведамленні, то тады лёгка спраўдзіць колькі затрат патрабуе той ці іншы дом. І тады лёгка зразумець хто пераплачвае, на чым можна сэканоміць.

Наагул, суразмоўца за тое, каб утрыманнем дамоў займаліся прафесіяналы і тады гэта будзе выгодна для ўсіх. Але гэта ўжо тэма іншай размовы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»