Актывісты кампаніі “Забітыя і забытыя” ў Бутулінскім лесе, студзень, 2020. Фота аўтара.

Прадстаўнікі грамадскай кампаніі “Забітыя і забытыя”, распачатай у Гомелі, атрымалі пісьмовы адказ на свой калектыўны зварот аб ушанаванні памяці ахвяр савецкіх рэпрэсій у 30-40 гады мінулага стагоддзя. Раскопкі і сведчанні людзей бліжэйшых паселішчаў пацвярджаюць, што мірных жыхароў сталінскія карнікі НКУС расстрэльвалі ў Шчакатоўскім і Бутулінскім лясах паабапал 9 кіламетра Чарнігаўскай шашы.

Намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама па будаўніцтву Уладзімір Гарбачоў паведаміў, што калектыўны зварот аб ушанаванні памяці ахвяр рэпрэсій, дасланы ў абласную пракуратуру, разгледжаны аблвыканкамам сумесна з Гомельскімі гарадскім і раённым выканкамамі.

“У прадстаўленай інфармацыі, – піша Гарбачоў, – адсутнічаюць дастатковыя архіўныя дакументы, якія б сведчылі аб тым, што вышэйназваныя тэрыторыі з’яўляюцца месцамі масавых пахаванняў ахвяр палітычных рэпрэсій. Дадзеная мясцовасць не адносіцца да гісторыка-культурнай спадчыны”.

Адна з ініцыятараў і каардынатар кампаніі “Забітыя і забытыя” Ларыса Шчыракова здзіўляецца такому адказу абласнога чыноўніка, бо яшчэ ў 1995 годзе на замову пракуратуры супрацоўнікі музею і студэнты гістарычнага факультэта ўніверсітэта імя Ф.Скарыны праводзілі раскопкі ў Шчакатоўскім лесе. Было даказана, што там пахаваныя ахвяры рэпрэсій. Тагачасны супрацоўнік музея Аляксандр Штэменка падрабязна апісаў тры даследаваныя калектыўныя магілы з парэшткамі забітых.

У Бутулінскім лесе падчас раскопак у 2009 годзе на паверхню падняты семдзесят прастрэленых чалавечых чарапоў, касцей разам з фрагментамі цывільнага адзення, абутку, побытавых рэчаў.

“Тры выканкамы вырашалі, а ў выніку мы атрымалі фармальнаю адпіску – у іх, бачыце, няма “дастатковых архіўных дадзеных”. Яны не прызнаюць месцаў масавых рэпрэсій. Мы ж у звароце падрабязна напісалі , што дзяржаўныя органы за мінулыя гады павінны былі зрабіць, але так і не зрабілі, каб належным чынам даследаваць расстрэльныя месцы ды надаць ім ахоўны статус”, – кажа спадарыня Шчыракова.

Яна дадае, што грамадскасць павінна ведаць, хто быў забіты ў лясах паблізу Гомеля. Таму звароты ў афіцыйныя ўладныя структуры на гэтым не спыняцца, тым больш, што і намеснік старшыні аблвыканкама раіць у выпадку нязгоды з яго адказам звяртацца ў вышэйшы орган – гэта значыць, ва ўрад Беларусі.

Актывісты грамадскай кампаніі, накіроўваючы калектыўныя звароты ў афіцыйныя органы, выражаюць не толькі сваю волю, але і патрабаванне сотняў гараджан, якія паставілі свае подпісы.

З ініцыятывы кампаніі ўжо ладзіліся сустрэчы з гісторыкамі, даследчыкамі масавых рэпрэсій камуністычных часоў Ігарам Кузняцовым і Мікалаем Крывальцэвічам. Збіраюцца таксама архіўныя звесткі пра рэпрэсіі, занатаваных у кнігах “Памяць”, запісваюцца відэа- і аўдыясведчанні сваякоў рэпрэсаваных беларусаў. Напрыканцы студзеня ўдзельнікі даследавання рэпрэсій зладзілі ў Бутулінскім лесе адмысловую арт-акцыю, каб прыцягнуць увагу да жудаснай старонкі не такой ужо і далёкай нашай гісторыі.

Удзельнікі кампаніі “Забітыя і забытыя” дамагаюцца, каб расстрэльныя месцы мелі ахоўны статус і адпаведныя мемарыяльныя знакі.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»