Фота freesmi.by

Старшыня Партыі левых “Справядлівы свет” распавёў “Народнай Волі”, хто будзе балатавацца ў прэзідэнты ад яго партыі.

– Сяргей Іванавіч, ваша партыя адной з першых абвясціла аб фарміраванні ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдата ў прэзідэнты. Як ідзе працэс?

– Даволі актыўна. Але агульных лічбаў, колькі чалавек ужо запісалася, у нас пакуль
няма. Плануем падвесці вынікі 19 красавіка – гэта тэрмін асноўнага фарміравання групы. Хоць і пасля працэс будзе працягвацца, таму што дату прэзідэнцкіх выбараў, думаю, абвесцяць прыкладна ў канцы красавіка.

– Ёсць меркаванне, што для адной партыі сабраць 100.000 подпісаў – вельмі няпроста.

– Дык не партыя ж збірае подпісы! У нас у Оршы партыйная арганізацыя – 35 чалавек, а ў ініцыятыўную групу запісалася 140! Пытанне не ў партыі, а ў колькасці людзей, уцягнутых у збор подпісаў. Я лічу, што калі ў кандыдата ў прэзідэнты ініцыятыўная група будзе каля 5000 чалавек, то ёсць невялікі шанец, што могуць сабраць подпісы. Калі 10.000 чалавек – гэта ўжо амаль 100 працэнтаў, што збяруць. А калі ініцыятыўная група 100.000 чалавек, то і праблем не ўзнікне.

Чаму мы цяпер пачалі фарміраваць ініцыятыўную групу? Таму што хочам паглядзець, наколькі людзям гэта цікава, ці будуць яны адгукацца. І да пачатку выбараў мы ўжо прыкладна будзем ведаць, якую колькасць подпісаў можам сабраць.

У 2006 годзе ў складзе нашай ініцыятыўнай групы было 5000 чалавек, і мы сабралі 150 тысяч подпісаў. Але ў тыя часы людзі лёгка адгукаліся на падобныя ініцыятывы. А вось ужо ў кампаніі 2015 года многія не жадалі нават пра гэта казаць: маўляў, не мае сэнсу. Сёння апатыі ў грамадстве стала значна больш, улада ўвесь час удзёўбвае ў галаву людзям, што ад іх нічога не залежыць…

Поўны тэкст гутаркі Марыны Коктыш з Сяргеем Калякіным чытайце ў газеце «Народная Воля» за 10 сакавіка