Фота https://naviny.by

Рэжысёр і грамадская актывістка паведаміла, што разам з камандай Мікалая Статкевіча будзе вылучацца прэтэндэнтам на прэзідэнцкую пасаду. «Народная Воля» вырашыла больш падрабязна расказаць пра Вольгу Нікалайчык

– Пасля школы мне не ўдалося паступіць у Тэатральна-мастацкі інстытут, таму працавала і ў дзіцячым садку, і на пошце, – кажа наша суразмоўца. – Затым мы з сям’ёй пераехалі жыць у іншы раён Мінска, і ўжо там я ўладкавалася адміністратарам у Палац культуры прафтэхадукацыі.

Так склалася, што ў тым жа будынку знаходзіўся офіс маладзёжнага цэнтра «Арыенцір», з яго супрацоўнікамі мы бачыліся штодзень. У рэшце рэшт паступіла прапанова пайсці на працу да іх, і з 18 год я працавала арганізатарам канцэртаў у «Арыенціры». Цудоўныя былі часы і цудоўны калектыў! Перабудова. Запрашалі беларускіх музыкантаў, такія вядомыя гурты, як «ДДТ», «Аквариум» Барыса Грабеншчыкова…

У нас была свая студыя гуказапісу, мелі практычна ўсю калекцыю замежнага року. Часам я заставалася ў студыі да ночы. Круціла касеты, слухала музыку. Да гэтага часу добра ведаю многіх музыкантаў, у мяне нават быў грамадзянскі шлюб з адным піцерскім гітарыстам.

– Наколькі вядома, пазней у Тэатральна-мастацкі інстытут вы ўсё-такі паступілі…

– Так, вучылася на кіна- і тэатральнага крытыка. Затым з мамай вырашылі стварыць свой бізнес і зарэгістравалі фірму. Мая мама шмат гадоў працавала ў Доме кіно, таму кінематограф для мяне заўсёды быў блізкай тэмай.

– Чым займалася фірма?

– Спачатку пракатам кінафільмаў. Тады ўсе кінатэатры працавалі самі па сабе, не было агульнай структуры. А мы бралі ў знаёмых нейкія бабіны з фільмамі і распаўсюджвалі іх па беларускіх кінатэатрах.

Я сама вазіла тыя бабіны і чытала па восем сеансаў у дзень пераклады фільмаў. Тады на гэтым даволі добра зарабляла і ў нейкі момант вырашыла ўкласці грошы яшчэ ў адну справу.

Даведалася, што на «Беларусьфільме» ёсць незавершаны мастацкі фільм «У папа быў сабака». Мне паказалі ў нейкім кабінеце чарнавы варыянт фільма, усё спадабалася. Тады я ўзяла крэдыт у банку, і праца над стужкай працягнулася. Дарэчы, на той час мне было ўсяго 24 гады.

Жанчыны з мантажных цэхаў затым казалі: Вольга, каб не твой крэдыт, то нас бы паглынула маскоўская фірма, бо кінастудыя – банкрут. Людзі паўгода атрымлівалі заробкі за мой крэдыт, з якім, дарэчы, я паспяхова разлічылася.

Фільм дарабілі, на пачатку 1990-х пачалі паказваць у кінатэатрах СНД і на тэлеканалах. Я ездзіла на кінафестываль у Сочы і як прадзюсар атрымала нейкі прыз. Былі прэм’еры ў Мінску з вядомымі акцёрамі. І, трэба сказаць, таксама на гэтым нешта зарабіла.

– Ізноў уклалі грошы ў новую справу?

– Так, гэтым разам вырашыла ўкласці капітал у фільм Юрыя Хашчавацкага «Аазіс», які расказваў пра Чарнобыль. І зноў-такі – неверагодны поспех! Фільм паказалі па ўсёй Еўропе, яго прадалі на буйныя еўрапейскія тэлеканалы. Нават па БТ паказалі. Яшчэ мы атрымалі прыз на Фестывалі экалагічнага кіно.

Тое першае знаёмства з Хашчавацкім затым перарасло ў шматгадовае
супрацоўніцтва, ён шмат чаму мяне навучыў. Так у рэшце рэшт з прадзюсара я паступова перакваліфікавалася ў рэжысёра-дакументаліста.

– Колькі ў вас агулам прац?

– Рэжысёрскіх – каля дваццаці. Асноўная тэматыка – жыццё ва ўмовах Беларусі. Паказвала людзей, якія змагаюцца з уладай. На жаль, з часам мая актыўная грамадская дзейнасць значна паўплывала на творчую. Вельмі складана стала працаваць, бо ў любы момант можаш патрапіць пад рэпрэсіі. То штрафы, то «суткі».

Раней мы ездзілі на здымкі за мяжу, а зараз я невыязная, бо ўнесена ў «чорную базу» за нясплату штрафаў. Рэгулярнае наведванне розных акцый вылілася ў тое, што шмат штрафаў ужо заплаціла, але нясплачаных яшчэ больш за 7 тысяч рублёў. Судовы прыстаў прыходзіў некалькі разоў, і зараз ёсць пагроза, што могуць канфіскаваць маёмасць.

– Чаму ўсё-такі вырашылі ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі?

– Можна будзе легальна праводзіць пікеты, не думаючы пра тое, што атрымаеш чарговы штраф ці пойдзеш у ізалятар. Хочацца паглядзець беларусам у вочы і запытацца: «Вас задавальняе такое жыццё?»

***

Газета “Народная Воля” № 19 (4477)

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»