Міхаіл Чыгір. Фота: https://www.racyja.com

Былы прэм’ер-міністр выказаў сваё меркаванне з нагоды так званай “паглыбленай інтэграцыі” з Расіяй.

Афіцыйны Мінск не бачыць сэнсу працаваць над «дарожнымі картамі» па паглыбленні інтэграцыі з Расіяй, пакуль не вырашаны пытанні з пастаўкамі нафты ў краіну, заявіў журналістам міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.

«Давайце вырашым пытанне з нафтавымі пастаўкамі, а потым ужо будзем далей думаць, – сказаў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства. – Не працуе цяпер рабочая група (Беларусі і Расиі па інтэграцыі), і сэнсу няма цяпер працаваць над гэтымі «дарожнымі картамі», пакуль не будуць вырашаны гэтыя пытанні».

— На гэтым этапе Беларусі не патрэбна ніякая паглыбленая інтэграцыя. Паглядзіце, што робіцца апошнім часам ў адносінах паміж Расіяй і Беларуссю. Малочныя, мясныя, нафтавыя і газавыя войны. Суцэльныя скандалы, пастаянныя палкі ў колы з боку Расіі. Краіны, якія варожа настроены адзін да адной, знаходзяцца ў лепшых стасунках, чым гэтыя “саюзнікі”. Таму пра якую інтэграцыю можна казаць? Няхай спачатку разбяруцца ў сёняшніх праблемах, а затым ужо трэба рухацца некуды далей. Таму міністр замежных спраў усё правільна сказаў, — заявіў у інтэрв’ю Радыё Рацыя экс-прэм’ер Міхаіл Чыгір.

— Усе ж разумеюць, што ў канчатковым выніку жадае мець Расія – яшчэ адну губернію…

А вось гэта нават не павінна абмяркоўвацца. Таму трэба назаўжды забывацца пра танныя расійскія нафту і газ, каб Масква больш не шантажавала гэтым. Пажылі на халяву – і хопіць! Трэба прыстасоўвацца да новых умоў існавання і жыць так, як жывуць многія іншыя краіны. І ў многіх выпадках даволі нядрэнна жывуць. Гэта нават не вельмі прыстойна жыць за кошт іншай краіны, а бясплатны сыр, як вядома, бывае толькі ў пастцы.