Гімназія №71. Фота: need4study.com

У суд Савецкага раёна Гомеля паступіла заява маці школьніцы, якой у гімназіі №71 траўмавалі вуха. Заяўніца просіць узбудзіць крымінальную справу прыватнага абвінавачвання супраць настаўніцы. Гэта пацвердзіла журналісту “Народнай Волі” памочніца старшыні суда Ніна Здаравец.

Інцыдэнт у гімназіі адбыўся сёлета 21 студзеня. На ўроку матэматыкі педагог пачатковых класаў, якая мела званне “Настаўнік года-2017”, схапіла дзяўчынку-трацякласніцу за вуха і так тузанула яго, што медыкам пасля давялося накладваць швы.

Па заяве бацькоў Савецкі РАУС Гомеля праводзіў праверку. Вынікаў гэтай праверкі міліцыя не агучвала, спаслаўшыся на інтарэсы малалетняй школьніцы, якія ахоўваюцца і могуць быць абнародаваны толькі законнымі прадстаўнікамі дзяўчынкі. Вядома толькі, што ў дзеяннях настаўніцы ёсць прыкметы складу злачынства, апісанага ў артыкуле 153 Крымінальнага кодэкса – “Наўмыснае нанясенне лёгкага цялеснага пашкоджання”. Артыкулам прадугледжаны чатыры віды санкцый: грамадская праца, штраф, папраўчыя работы на тэрмін да аднаго года, а таксама арышт.

Вядома, што пасля здарэння 47-гадовая настаўніца патрапіла ў лякарню. Яна заяўляла, што не мае намеру вяртацца на працу ў гімназію.

Міністэрства адукацыі праз свой прэс-цэнтр запэўнівала, што неаднаразова нагадвала пра недапушчальнасьць праяў агрэсіі альбо гвалту ў дачыненні да непаўналетніх. Настаўнік абавязаны захоўваць прававыя, маральныя і этычныя нормы. Таму любы гвалт (фізічны ў выглядзе “падзатыльніка” ці псіхалагічны ў форме нецэнзурных выказванняў) з пазіцыі педагога недапушчальны.

Выпадак у гімназіі №71 не першы ў агульнаадукацыйных установах горада, які стаў вядомы шырокай грамадскасці. Летась канфлікт у сярэдняй школе №15 паміж настаўніцай і чацвёртакласнікам выйшаў на дзяржаўны ўзровень.

Настаўніца, замахнуўшыся на вучня-чацвёртакласніка столікам-канторкай, вылаялася матам. Настаўніцу звольнілі, а пасля на патрабаванне Аляксандра Лукашэнкі вярнулі назад у школу. Пасадаў пазбавіліся дырэктар школы і некалькі чыноўнікаў ад адукацыі – іх перавялі на другую працу. Міністр адукацыі папярэджаны пра няпоўную службовую адпаведнасць.