Кошт перамогі

43

Кіраўнік Беларускай федэрацыі футбола Уладзімір Базанаў агучыў суму прэміяльных ігракам зборнай Беларусі ў выпадку выхаду ў фінальную частку чэмпіянату Еўропы-2020.

Нагадаем, што матч плэй-оф Лігі нацый паміж зборнымі Грузіі і Беларусі адбудзецца 26 сакавіка ў Тбілісі. Пераможца супрацьстаяння згуляе ў фінале турніру з мацнейшым у пары Косава – Паўночная Македонія, а лепшая каманда стане ўладальнікам пуцёўкі на еўрапейскае першынство.

«Квіткі на гульню ўжо прадалі практычна ўсе, чакаецца вялізны ажыятаж, – распавёў кіраўнік Федэрацыі футбола Уладзімір Базанаў pressball.by. – Але празмернае хваляванне, якое можа ўзнікнуць, павінны мінімізаваць трэнеры. Трэба псіхалагічна папрацаваць так, каб футбалісты не адчувалі ціску чужога поля і 55-тысячнага стадыёна.

Вядома, гуляць у Закаўказзі – Тбілісі, Ерэване, Баку – цяжка, і гэта добра вядома з часоў чэмпіянату СССР. Але мы разумеем, што гэта ўнікальная магчымасць – правесці два матчы і патрапіць на чэмпіянат Еўропы. Каманда зробіць усё магчымае, каб парадаваць балельшчыкаў».

Паводле слоў Базанава, УЕФА за выхад зборных на еўрапейскае першынство выплачвае нацыянальным асацыяцыям добрыя прэміяльныя – па 9,25 мільёна еўра. Калі беларуская каманда патрапіць на ЕURO-2020, яна атрымае 80 працэнтаў ад вышэйзгаданай сумы.

***

Газета “Народная Воля” № 19 (4477)

Поделиться ссылкой: