Фота аўтара

У Гомелі ў грамадска-палітычным цэнтры 3 сакавіка адбыўся вечар памяці аднаго з найстарэйшых грамадскіх актывістаў, кіраўніка мясцовай суполкі КХП-БНФ, а ў апошнія гады і сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзіміра Шыцікава.

Залу цэнтра аздобілі вялікімі фотаздымкамі з жыцця актывіста, дэманстравалі слайд-фільм. “Уладзімір быў чалавекам дзеяння і ўчынкаў. На ўсе акцыі прыходзіў з бела-чырвона-белым сцягам. Такіх жа колераў на ім была і вязаная шапка”, –згадвалі калегі.

Міліцыя патрабавала ў яго распіскі, каб не хадзіў на вулічныя акцыі – вечар памяці апазіцыянера Уладзіміра Шыцікава
Фота аўтара

Шыцікаў памёр 2 сакавіка 2017 года ў гарадской бальніцы на 71-м годзе жыцця. Як сцвярджаюць сваякі, забрала яго “хуткая” з падазрэннем на інсульт, і лячылі яго ад ісульту, а памёр ён з прычыны адмовы нырак.

Нарадзіўся Шыцікаў 28 красавіка 1946 года ў літоўскім горадзе Коўна ў сям’і вайскоўца, нядаўняга франтавіка. Бацька яго родам з Веткаўскага раёна, маці – з расійскай Чыцінскай вобласці. Злучылі іх франтавыя дарогі. Жылі там, куды пасылалі служыць: у Германіі, Літве, ва Украіне. Падчас хрушчоўскай адлігі ў Савецкай Арміі адбыліся істотныя скарачэнні, і Шыцікава-старэйшага адправілі ў запас. Сям’я пасялілася ў Гомелі.

Уладзімір скончыў інстытут, працяглы час працаваў інжынерам-тэхнолагам на Гомельскім электратэхнічным заводзе. З энтузіязмам сустрэў ён абвяшчэнне незалежнасці Беларусі, уступіў у Партыю БНФ. А калі яна падзялілася на дзве плыні, застаўся ў КХП-БНФ разам з яе лідэрам Зянонам Пазняком.

На вечары памяці яго арганізатар Уладзімір Кацора, а таксама гамельчукі Анатоль Паплаўны, Валер Рэпнін, Андрэй Толчын, Васіль Палякоў згадвалі, што Шыцікаў быў чалавекам дэмакратычных перакананьняў, верыў у неабходнасць нацыянальнага адраджэння, змены існуючага рэжыму.

За ўдзел у пратэстных акцыях міліцыя не раз затрымлівала Уладзіміра, складала адміністрацыйныя пратаколы, праз суды штрафавала і арыштоўвала. Калі гэта не дапамагала, патрабавала ў яго распіскі аб тым, што ён не будзе ўдзельнічаць у вулічных акцыях. Але як толькі надыходзіў Дзень Волі ці была іншая нагода, Шыцікаў узнімаў нацыянальны сцяг і быў там, дзе збіраліся дэмакратычныя актывісты. Уладзімір і сам мог прыдумаць нечаканую імпрэзу, каб выказаць сваё стаўленне да падзеяў у Беларусі і за яе межамі.

Неяк на чарговую гадавіну так званага беларуска-расійскага саюза актывіст прывёў у цэнтр горада свайго белага бультэр’ера з кардонным трафарэтам на шыі, а на ім надпіс: “Хачу ў злучку з расійскай сучкай”. Калі ж у сакавіку 2014 году гомельскія актывісты ладзілі пікет за сумленныя выбары ў мясцовыя саветы, Шыцікаў выйшаў да гандлёвага дому “Рэчыцкі” з антырасійскім плакатам. Расія ў той час імкнулася анэксаваць украінскі Крым, і Уладзімір напісаў на плакаце з аднаго боку: “Пуцінская
Расія, ты звар’яцела!”, з другога – “Бляск рэзідэнцыяў не ратуе дыктатара”.

А яшчэ Шыцікаў быў добрым агароднікам і кактусаводам, актыўным чальцом гарадскога народнага клуба аматараў кактусаў “Лафафора”. У яго калекцыі налічвалася каля дзвюх сотняў разнастайных сукулентаў. Засвоіў Уладзімір і мастацкую чаканку. Вырабляў значкі з выявамі беларускіх нацыянальных герояў – Кастуся Каліноўскага, Тадэвуша Касцюшкі ды іншых вядомых землякоў, чаканіў медалі да гістарычных дат, напрыклад, пераможнай бітвы галоўных сіл Вялікага Княства Літоўскага і Польскага Каралеўства з нямецкім ордэнам пад Грунвальдам.

Уладзімір Іванавіч быў сталым падпісчыкам “Народнай Волі”. Разам з жонкай ён выгадаваў сына і дачку, меў унука. Жонка Галіна Аляксееўна і дачка Наташа прысутнічалі на вечары памяці.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»