Здымак носіць ілюстрацыйны характар

Жыхару Барысава Аляксандру Макарчуку 36 гадоў. Амаль палову з іх ён прыкаваны да ложка.

У інваліднай калясцы Аляксандр апынуўся ў 2003 годзе: да таго часу працаваў санітарам у бальніцы, быў жыццярадасным і актыўным чалавекам. Цяжкае захворванне не ўспрыняў як прыгавор на адзіноту, а распачаў змаганне за жыццё ў новай якасці.

– Спрацаваў інстынкт самазахавання, – тлумачыць Аляксандр. – Паколькі ў Беларусі няма дыстанцыйнага навучання, я паступіў у расійскі Міжрэгіянальны адкрыты сацыяльны інстытут.

Пасля заканчэння інстытута ў 2017 годзе ён стаў індывідуальным прадпрымальнікам і распачаў працу па падборы персаналу для IT-кампаній: навучыўся кіраваць камп’ютарам пры дапамозе голасу і гукаў і гэтак кантактуе са сваімі дзелавымі партнёрамі і сябрамі.

– Працадаўцы звяртаюцца да мяне з просьбай знайсці спецыялістаў, а людзі з абмежаваннямі звяртаюцца ў пошуках працы. Не ўсім удаецца дапамагчы, бо розныя асобы маюць не аднолькавага ўзроўню навыкі. Але многія з тых, хто ў свой час выйшаў на мяне, зараз працуюць менеджарамі па прадажах, памочнікамі кіраўнікоў, выкладчыкамі…

Акрамя таго, Аляксандр Макарчук заснаваў і ўзначаліў дабрачынны фонд «У Савы»: дыстанцыйнае навучанне людзей з інваліднасцю з перспектывай далейшага працаўладкавання. Групай падтрымкі прадпрымальніка сталі каля трыццаці валанцёраў у розных гарадах Беларусі, а таксама з Украіны і Расіі. Яны праводзяць курсы па праграміраванні, вывучэнні моў, розных накірунках мастацтва і іншыя.

– Наша задача – даць магчымасць людзям з інваліднасцю падзяліцца навыкамі і ведамі з іншымі, хто таксама мае інваліднасць. Калі і выкладчык, і студэнт добра разумеюць, што такое абмежаванні, тады вынікі найлепшыя. Бо няма ніякіх паблажак: людзі здаровыя могуць шкадаваць людзей з інваліднасцю. Мы ж знаходзімся ў роўных умовах і маем роўныя цяжкасці.

Праз курсы прайшлі ўжо больш за 300 чалавек, якія зараз працуюць у розных дзяржаўных і прыватных установах. У снежні мінулага года Аляксандр Макарчук і яго дабрачынны фонд «У Савы» атрымалі прэстыжную ўзнагароду «Лідар года – 2019» на Міжнародным бізнес-форуме ў Мінску. А зараз разам з Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам руплівец распрацоўвае мабільны дадатак: сайт вакансій для інвалідаў. Таксама Аляксандр плануе адкрыць у Барысаве Цэнтр сацыяльнага прадпрымальніцтва для навучання бізнесу і навыкам прадпрымальніцтва людзей з інваліднасцю і прадстаўнікоў розных дыскрымінаваных сацыяльных груп: пенсіянераў, маламаёмых, членаў шматдзетных сем’яў.

Цяжкае захворванне не дазваляе Аляксандру выконваць нават самыя простыя фізічныя рухі і дзеянні, а таму ён мае патрэбу ў пастаяннай дапамозе. Усе 16 гадоў яму дапамагаюць блізкія сябры, частымі гасцямі ў доме актывіста бываюць таксама паплечнікі – валанцёры праекта «У Савы».

Аляксандр не губляе надзеі паправіць сваё здароўе: «Я не спадзюся, што буду хадзіць, але хаця б вярнуць сабе рукі, каб мог сам сябе абслугоўваць». Такую аперацыю гатовы правесці ўрачы ў Тайландзе. Пералёт і аперацыя каштуюць 32 тысячы долараў. І зараз Аляксандр збірае гэтыя сродкі.

***

Газета «Народная Воля» № 17 (4475)