Фота з сайта novychas.by

Канец мінулага тыдня і пачатак гэтага быў аздоблены, нібыта, «вясёлкавымі» навінамі. Лукашэнка паразмаўляў па тэлефоне з Пуціным, і той звонку пагадзіўся — Беларусь павінна атрымаць кампенсацыю за расійскі «падатковы манеўр» у памеры 300 мільёнаў долараў.

Але ў Крамлі ў той жа час заявілі, што гэтыя грошы могуць быць атрыманыя за кошт прэміі расійскіх пастаўшчыкоў нафты, перамовы тычацца «гаспадарчых суб’ектаў» і гэтак далей. Так што далёка не факт, што «нафтавая вайна» скончылася, і скончылася яна перамогай Беларусі.

У той жа час Беларусь, нібыта, дамовілася з расійскім бокам пра кампенсацыю за брудную нафту, якая паступіла на нашыя НПЗ увесну 2019 года. «Нібыта» — таму што пра такія пагадненні мы чуем з зайздроснай рэгулярнасцю. Але 25 лютага Беларусь і Расія падпісалі пратакол аб кампенсацыі выдаткаў за пастаўкі забруджанай расійскай нафты па трубаправодзе «Дружба». Намеснік старшыні канцэрна «Белнафтахім» Уладзімір Сізаў заявіў, што кампенсацыя будзе з разліку 15 долараў за барэль — «па аналогіі з іншымі бакамі, якія былі ўцягнутыя ў гэтую гісторыю, — гэта контрагенты ў Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Венгрыі».

Прэс-сакратар «Белнафтахіма» Аляксандр Цішчанка патлумачыў РБК, што гаворка ідзе пра кампенсацыю за 563 тысячы тон нафты, якую паспеў перапрацаваць Мазырскі НПЗ. Такім чынам, Беларусь можа атрымаць ад «Транснафты» 61,6 мільёна долараў.

Але з месяц таму (дый падчас таго скандалу) называліся ўдвая большыя аб’ёмы бруднай нафты, якая трапіла ў Беларусь, — каля 1,2 мільёна тон. Калі разлічваць з гэтага аб’ёму (барэль важыць 0,1373 тоны), то выходзіць, што Расія павінна кампенсаваць каля 131,1 мільёна долараў — у два з лішнім разы больш. Да таго ж, у нас два нафтаперапрацоўчыя заводы. З Мазырскім НПЗ зразумела, а што будзе кампенсаванае наваполацкаму «Нафтану», куды тая брудная нафта таксама трапіла?

Праблемаў канцэрну дадалі і неабыякавыя грамадзяне. У аўторак ля офісу «Белнафтахіма» ў Мінску сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек, незадаволеных павышэннем коштаў на паліва. Сустрэчу ініцыяваў блогер MozgON (Уладзімір Цыгановіч). Людзей цікавіла пытанне, якое задаецца ўжо доўгі-доўгі час: чаму ў нас цэны на бензін растуць пастаянна — і пры павышэнні кошту нафты, і пры іх паніжэнні?

Да «дэманстрантаў» выйшаў усё той жа Уладзімір Сізаў, які патлумачыў, што «Белнафтахім» працягне стратэгію паступовага павышэння коштаў на паліва на капейку. Маўляў, кошт паліва залежыць не толькі ад кошту сыравіны, але і ад дамоўленасцяў з пастаўшчыкамі, падаткаў, курсаў валют: «Мы вымушаныя купляць нафту за валюту, таму ваганні валюты таксама адбіваюцца на кошце нафтапрадуктаў».

Цыгановіч прывёў свой разлік: на 1 студзеня 2019 года ў адносінах да 1 студзеня 2018 года цана на паліва ў доларах вырасла на 10%, а 1 студзеня 2020 года ў адносінах да 1 студзеня 2019 года — на 17%. У той жа час сусветны кошт нафты прынцыповых скачкоў не зазнаў, дый Нацбанк ганарыўся «ўстойлівасцю беларускага рубля».

У адказ на гэта Сізаў сказаў проста: «Я нічога не збіраюся абвяргаць». І на незалежную праверку фарміравання коштаў таксама не пагадзіўся.

У любой краіне свету такога «спецыяліста» на працоўным месцы ўжо не было б. Аднак у нас ён застаецца. Дык ці важна нам, пра што там дамаўляюцца Лукашэнка з Пуціным — калі гэта, нібыта, нас не тычыцца і на кошце паліва не адбіваецца?

Куды ж ідуць нафтавыя мільёны долараў? На тыдні шмат казалі пра Чэмпіянат Еўропы па біятлоне ў Раўбічах, ад якога адмовілася Эстонія — маўляў, «снегу няма». Мы ж, аказваецца, можам правесці яго і без снегу. Праўда, вылеціць гэта нам у добрую капейчыну — штучны снег каштуе дорага. Але нам не прывыкаць! Мы можам згадаць добры досвед «Мінскай лыжні» ад Аляксандра Рыгоравіча, калі чыноўнікі, прымусова сагнаныя на гэтае спартовае мерапрыемства, у лыжах па лужынах шлёпалі.

Праблема толькі ў тым, што спартоўцы-іншаземцы — не чыноўнікі. Ім не загадаеш устаць на лыжы ў любое надвор’е. Ну, нічога — затое нашым, звыклым да «лыжаў на асфальце», больш медалёў дастанецца!

Таксама ўзрушыла навіна з Гомелю, дзе на цэнтральнай плошчы задумалі ўсталяваць флагшток вышынёй у 60 метраў і коштам прыкладна ў 660 тысяч долараў. Адначасова Гомельская вобласць лічыцца самай датацыйнай у краіне!

Прычым, як высветліў тэлеграм-канал «Тыповая Беларусь», у канцы 2019 года прапанова ўсталяваць 60-метровую стэлу ацэньвалася толькі ў 30 тысяч рублёў. Праўда, тады тэндар не адбыўся, але наўрад ці з-за невялікага кошту. Проста нікому не зразумела, навошта ў цэнтры горада «палка» вышынёй у два дзевяціпавярховікі.

І на тыдні краіна зноў трапіла ў невялічкі скандал — арганізацыя World Population Review склала рэйтынг краін па колькасці штогадовага спажывання спіртнога, і Беларусь яго нібыта ўзначаліла — са спажываннем 14,4 літра чыстага алкаголю на душу насельніцтва.

Потым высветлілася, што World Population Review узяла звесткі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя за 2010 год. Сёння ж, па дадзеных СААЗ, беларусы п’юць «толькі» 11,2 літра спірта на душу насельніцтва (у 2018 годзе), і Сінявокая знаходзіцца на 23-м месцы па спажыванні алкаголю ў Еўропе (на 27-м у свеце). Такія дадзеныя па запыце беларускіх журналістаў агучыла СААЗ.

World Population Review выбачылася за недакладнасць, але 11,2 літра спірту на кожнага чалавека — ці гэта мала?

У Магілёве праваабаронцы прайшліся па крамах — і пабачылі на паліцах «пладова-выгадныя чарнілы», вытворчасць якіх у Сінявокай нібыта забароненая, што каштавалі менш за 2 рублі за бутэльку 0,7.

«Трэба адзначыць, што буйныя супер- і гіпермаркеты трымаюць “дарагі” кошт ад 2 рублёў 15 капеек і вышэй», — зазначае інтэрнэт-часопіс mspring.online. Аднак мы вымушаныя адзначыць, што бу­тэлька «чарніла» каштуе столькі ж (а можа, яшчэ і танней), чым літр бензіну.

Кіроўцы, як правіла, не п’юць. Можа, дзяржава вырашыла перавесці гэтую катэгорыю грамадзянаў у катэгорыю спажыўцоў спіртнога? Бо, сапраўды, што атрымліваецца танней: заправіць аўтамабіль бензінам ці адмовіцца ад машыны, ды «заправіцца» самому?

І пытанне: а каму карысць ад такой палітыкі?