Фота: sputnik.by

Усё гэта ёсць на чэмпіянаце Еўропы па біятлоне, які гэтымі днямі праходзіць у “Раўбічах”.

Нагадаем, што гэта першынство павінна была праводзіць Эстонія, але адмовілася з-за адсутнасці снегу. Затое пагадзілася Беларусь, заявіўшы, што снег знойдзецца. Як кажуць, мы самі ствараем сабе праблемы, каб затым іх гераічна пераадольваць.

Трэба сказаць, што агульнымі намаганнямі снежная траса ўсё-такі была зроблена, хаця ў яе адрас ужо прагучала шмат крытыкі з боку спартсменаў.

“На трасе – вялікая “каша”, – распавёў украінскі біятланіст Арцём Прыма. – Безумоўна, дзякую, што наогул здолелі правесці гэтыя спаборніцтвы, але “каша” вельмі вялікая: брудны снег, усё буграмі, крыва-коса. Дзякуй і на гэтым, што не па асфальце бегаем”.

Першае золата, шашлыкі і “прыгонныя “
Фота: pressball.by
Першае золата, шашлыкі і “прыгонныя “
Фота: pressball.by

А вось калега Прымы па зборнай Дзмітрый Підручны нават пахваліў арганізатараў першынства: “Калі ўлічваць тое надвор’е, якое бачым зараз, то траса падрыхтавана добра. Шчыра кажучы, нават не спадзяваўся, што ў Беларусі змогуць нешта ў такіх умовах правесці”.

Арганізатары спадзяюцца, што запасаў снегу хопіць на ўвесь чэмпіянат, тым больш што сіноптыкі абяцаюць у бліжэйшы час ноччу мінусавую тэмпературу, а значыць, можна выкарыстаць снежныя пушкі.

Дарэчы, беларусы, як аказалася, здольны не толькі знайсці снег у цёплае надвор’е, а і арганізаваць атрады балельшчыкаў у працоўны час. У першы ж дзень спаборніцтваў на трыбунах быў заўважаны так званы адміністрацыйны рэсурс – арганізаваныя групы падтрымкі ў аднолькавых куртках. Былі прадстаўнікі спартыўных школ і Памежнага камітэта, дэлегацыі з Крупскага раёна, Смалявічаў. Некаторыя рабілі групавыя фота. Мабыць, для справаздачы перад кіраўніцтвам. Дасціпнікі ўжо празвалі гэтых балельшчыкаў “прыгоннымі”.

Натуральна, на выхадныя многія прыхільнікі біятлона і самі па сабе захочуць прыехаць у “Раўбічы”, каб, як кажуць, сумясціць прыемнае з карысным. І сваіх спартсменаў падтрымаць, і добра час правесці, бо на чэмпіянаце можна і падсілкавацца, і нешта сабе набыць. Ёсць нават намёт з таварамі ад неаднаразовай алімпійскай чэмпіёнкі Дар’і Домрачавай.

Кожныя 20 хвілін ад станцыі метро “Барысаўскі тракт” у “Раўбічы” ходзяць аўтобусы (кошт праезду ў адзін бок – 2 рублі), але ад прыпынку да біятлоннага стадыёна яшчэ трэба каля дзесяці хвілін ісці.

На стадыёне можна на месцы купіць білет, і многія набываюць самыя танныя – за 5 рублёў. Ніхто асабліва не кантралюе, якое ты потым зоймеш месца, тым больш што ўсе балельшчыкі назіраюць за спаборніцтвамі стоячы.

Калі каму надакучыў біятлон, то можна адправіцца ў зону фуд-корта, хаця цэны там не самыя танныя. Скажам, порцыя “Бульбы па-бельгійску” (400 грамаў) з соусам каштуе 9 рублёў (некаторыя жартуюць, што гэта з-за таго, што ў Беларусі ў мінулым годзе быў неўраджай бульбы), хот-дог – 4 рублі 50 капеек, шашлык са свініны – 4 рублі за 100 грамаў… З алкаголю ў асноўным піва і глінтвейн. Праўда, на любых міжнародных спаборніцтвах аб’екты харчавання заўсёды хочуць зарабіць, таму гэта ўжо не навіна.

Што тычыцца непасрэдна спаборніцтваў, то беларусы могуць парадавацца – у першы ж дзень Сяргей Бачарнікаў заваяваў золата ў суперспрынце. На фоне, можна сказаць, правальнага для зборнай сезона – суперпоспех!