Пятрас Аўштравічус / кадр з відэа

Беларуская АЭС — гэта не праблема адносінаў Літвы і Беларусі, а праблема адносінаў Мінска і Бруселя. Пра гэта журналістам заявіў літоўскі еўрадэпутат Пятрас Аўштравічус, які наведвае Беларусь у складзе дэлегацыі Еўрапарламента, перадае Еўрарадыё.

Па яго словах, асноўнае патрабаванне да АЭС у Астраўцы — гарантыі бяспекі. У якасці аргументаў ён спаслаўся на Чарнобыльскую катастрофу: «Я думаю, Святлана Алексіевіч у сваіх кнігах добра апісала трагедыю Чарнобыля, якая здарылася не так ужо і даўно — нашае пакаленне гэта памятае. І мы не хочам «Чарнобыль нумар два».

Дарэчы, у Мінску еўрадэпутаты сустракаліся з нобелеўскай лаўрэаткай. Аўштравічус прызнаўся, што чытаў кнігі Святланы Алексіевіч, і высока ацаніў іх. Асабліва ён адзначыў кнігу «Цынкавыя хлопчыкі», прысвечаную вайне СССР у Афганістане: «Гэта папярэджанне для цяперашніх палітыкаў і палітыкаў будучых пакаленняў: прымаць рашэнні трэба вельмі абдумана і сур’ёзна, а не прымаць паспешлівыя рашэнні — ці то па вайне, ці то па будаўніцтве атамных станцый, якія потым могуць стаць прычынай катаклізмаў. Мы яшчэ жывем, я б сказаў, у постчарнобыльскай катастрофе, і ігнараваць такія кнігі — гэта вялікая памылка».