Фота аўтара

Музей культавага беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча мясцовыя ўлады вырашылі стварыць у Рагачове, дзе творца падоўгу жыў і пісаў.

Адначасова ў парку «Азёрны» мяркуецца ўсталяваць памятны знак Гервасію Выліваху – дасціпнаму сярэднявечнаму рагачоўцу, галоўнаму герою аповесці «Ладдзя роспачы», якую Караткевіч напісаў у Рагачове. Сродкі на гэтыя мэты вылучаны з абласнога бюджэту. Гэтую добрую навіну мне пацвердзіў намеснік старшыні Рагачоўскага райвыканкама Павел Бярэзінскі.

Знакавае месца ў беларускай літаратуры

Ушанаваць належным чынам памяць Караткевіча ў Рагачове збіраліся ці не з ліпеня 1984 года, калі Уладзіміра Сямёнавіча не стала. За гэта выступалі краязнаўцы, многія літаратары і проста нераўнадушныя да сваёй гісторыі рагачоўцы. Працяглы час гэтая ідэя з розных прычын не разглядалася і не падтрымлівалася.

Вялікая надзея зрабіць Рагачоў горадам Караткевіча была ў 2016 годзе, калі тут ладзіўся Дзень беларускага пісьменства. Дом кнігі і бібліятэку імя Караткевіча адкрылі, але не стварылі ні музея, ні помніка пісьменніку. У той час я абхадзіў тут усе вуліцы, дзе ішла падрыхтоўка да свята. Месцічы ў адзін голас сцвярджалі, што гораду патрэбны манументальныя знакі пашаны да беларускіх класікаў, і найперш, канечне, Караткевіча.

Мясцовы жыхар Уладзіслаў прыгадваў: «Слухайце, мой жа дзед знаўся з Караткевічам. Кніг яго ў нас дома багата. Я сам са школы памятаю «Каласы пад сярпом тваім». У Мінску ў тэатры глядзеў пастаноўку «Ладдзя роспачы». Там жа ўсё пра Рагачоў і рагачоўцаў, пра нашы норавы і характары».

Прасторны дом №59 на вуліцы Чкалава, які паставіў калісьці Васіль Грынкевіч, дзед пісьменніка па кудзелі, знакавае месца. Караткевіч падоўгу жыў у дзедавай хаце, пісаў тут «Зямлю дзядоў», «Ладдзю роспачы», «Сівую легенду», «Віно дажджоў», часткова «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Тут Караткевіч скончыў і адзін са сваіх найлепшых твораў – аповесць «Чазенія». Захаваўся пакой са сталом, за якім працаваў Уладзімір Сямёнавіч.

І стане Рагачоў горадам Караткевіча
Фота аўтара

Некаторыя тутэйшыя рагачоўцы, прыкладам Эдуард Кавалёў, на свае вочы бачылі пісьменніка. Улетку ён часцяком хадзіў з дзедавай хаты загараць на прыдняпроўскі пляж.

Пісьменнік паціснуў лётчыка

Забраць дом пад музей Караткевіча ўзамен на кватэру мясцовыя ўлады наважваліся яшчэ ў васьмідзясятыя гады мінулага стагоддзя. Але не дамовіліся. Пазней не схацелі
пайсці на ўмовы сваякоў пісьменніка. Урэшце ў 2010 годзе частку вуліцы Чкалава, дзе стаіць знакаміты дом, пераназвалі, надаўшы ёй імя Уладзіміра Караткевіча. Побач усталявалі памятны знак – на адшліфаваным баку ладнага кавалка чорнага граніту выгравіравалі партрэт творцы з надпісам: «Гэты дом многія гады быў творчым прытулкам выдатнага беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча».

Тады ж пад Рагачовам у Азярышчах, на месцы, дзе «груша цвіла апошні год», бо «Дняпро падбiраўся да яе спакваля, як разбойнiк», паставілі памятны камень. Праз апісанне грушы над ракою Уладзімір Караткевіч уводзіў нас у незабыўны свет гістарычнага рамана «Каласы пад сярпом тваім», прысвечанага падзеям напярэдадні паўстання 1863–1864 гадоў у Беларусі.

Знакавы дзедаў дом у горадзе тым часам старэў. Пачарнела шалёўка, даўно не бачылі фарбы аканіцы. Жыллё патрабуе добрага рамонту. Як паведамілі ў райвыканкаме, зараз сваякі Караткевіча (а гэта яго стрыечны брат з жонкай і сынам) ужо не супраць абмену. Застаецца перавесці дом у камунальную ўласнасць, адрамантаваць і стварыць цікавыя экспазіцыі. Апошняе зрабіць будзе, мусіць, няпроста, бо сваякі Караткевіча перадавалі яго здымкі і некаторыя рэчы ў музей пісьменніка ў Оршы. Пра гэта мне паведаміла гаспадыня дома – спадарыня Тамара. Вяртаць тыя рэчы назад ці шукаць нейкае іншае выйсце, вырашаць музейным спецыялістам.

Сцяжына гонару і пашаны

Рагачоў і ўвесь тутэйшы край – сакральная мясціна беларускай літаратуры, скарбонка літаратурных талентаў. Уражвае нават просты пералік імёнаў беларускіх творцаў, чыё
нараджэнне, творчасць звязаны з тутэйшымі мясцінамі. Задумацца толькі: Уладзімір Караткевіч, Міхась Лынькоў, Андрэй Макаёнак, Мікола Сурначоў, Рыгор Суніца, Васіль Гарбацэвіч, Алена Васілевіч, Алесь Жаўрук, Фёдар Янкоўскі, Аляксей Зарыцкі, Анатоль Вярцінскі, Васіль Ткачоў, Мікола Янчанка, Уладзімір Мехаў, Наста Кудасава. Лічыць не пералічыць. Адны з іх нарадзіліся на Рагачоўшчыне, іншыя, як Алесь Жаўрук (Сінічкін) ці Алена Васілевіч, вучыліся ў настаўніцкай семінарыі-інстытуце ці, як Уладзімір Караткевіч, жылі падоўгу, ствараючы шэдэўры беларускай літаратуры.

Усё гэта павінна падштурхнуць дзяржаўных службоўцаў, міністэрствы і творчыя саюзы, інтэлігенцыю зрабіць раён месцам ушанавання беларускага пісьменства. І будучы брэнд Рагачова як горада Караткевіча і яго творчасці – выдатны крок на гэтым шляху.

Дарэчы будзе і гістарычна-літаратурная сцяжына, якую прапануюць мясцовыя краязнаўцы і шанавальнікі нацыянальнай літаратуры. Ад Замкавай гары праз
цэнтральную частку, паўз былы тэатр «Мадэрн», Вазнясенскую царкву, касцёл Антонія Падуанскага, семінарыю, дзе вучылася багата беларускіх пісьменнікаў. І сцяжына гэтая прывядзе да дома-музея Уладзіміра Караткевіча. Спатрэбяцца, канечне, рэкламныя пазнакі кшталту сіцілайтаў ці пілонаў. Бо далёка не ўсе рагачоўцы ведаюць, лёсы якіх творцаў былі звязаны з Рагачовам, не кажучы ўжо пра турыстаў ды іншы прыезджы люд.

***

Газета «Народная Воля» № 16 (4474)