Сайт і старонкі ў сацсетках Віктара Каліны нагадваюць франтавыя зводкі Савінфармбюро: дзесьці яму ўдалося прарвацца, дзесьці давялося адступіць, а дзесьці залечваць кантузію пасля ўдару бутэлькай па галаве – за абарону Сталіна. Такое ўражанне, што скандальна вядомы спявак без выступленняў у беларускіх райцэнтрах проста памрэ з голаду, іначай яго азіяцкі нахрап і не растлумачыш. Адпрэчылі «народного исполнителя душевных песен» (так на афішах) у Рэчыцы – ён едзе ў Барысаў, занялі кругавую абарону Докшыцы – ён кіруецца ў Салігорск, паказалі на дзверы ў Мазыры, Глыбокім і Паставах – ён штурмуе дамы культуры ў Пружанах і Слоніме.

Спевака не бянтэжыць, што ў тых жа Докшыцах супраць яго канцэрта падпісаліся ажно 660 чалавек (амаль кожны дзясяты жыхар), што не прадаўся ніводзін (!) квіток – ён перакананы ва ўласнай запатрабаванасці і ў любы момант гатовы заткнуць рот сваім незычліўцам.

Скажам, грамадская актывістка Таццяна Севярынец патлумачыла віцебскім уладам, што з сябе ўяўляе артыст Каліна, і тут жа праз «Фэйсбук» атрымала ад таго надзвычай артыстычны адказ: «Тётя, тебе на погост пора. Закрой свою пасть…» (далей – непрыстойныя словы). Гастролі ў Віцебску адмянілі, гастралёра, магчыма, чакае судовае разбіральніцтва за абразу, але ў добрай краіне Беларусі яшчэ 117 гарадоў, ёсць дзе паказаць сябе.

І Віктар Каліна паказвае. То выйдзе на публіку са сцягам так званай «Данецкай народнай рэспублікі». То збалантэсіць са сцэны што-небудзь накшталт: «Беларусь – часть русского мира». То заспявае найдушэўнейшую песню ўласнага вырабу пра нескаронага вязня мінскай «валадаркі»: «По фигу мне всё, / травка – зашибись. / Знаешь, мусорок, / лучше застрелись…»…

Поўны тэкст калонкі Міхася Скоблы чытайце ў газеце «Народная Воля» за 21 лютага