Арганізатары распавялі пра планы і мерапрыемствы ў сувязі са 102-й гадавінай БНР.

Юрась ГУБАРЭВІЧ: «10 працэнтаў неабходнай сумы ўжо сабралі»

– У Мінгарвыканкам пададзена заяўка на правядзенне мерапрыемстваў ад імя шэрагу арганізацый, – кажа старшыня руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч. – Акрамя нашага руху арганізатарамі святкавання будуць Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) і партыя “Зялёныя”.

Трэба адзначыць, што заяўка не ад фізічных асоб, а ад арганізацый дазваляе легальна збіраць больш за тысячу чалавек.

Таксама заявілі адно месца святкавання, якое не ўваходзіць у пералік вызначаных месцаў кшталту Кіеўскага сквера альбо парку імя 50-годдзя Кастрычніка. Яно больш менш зручнае і, скажам так, тусовачнае.

– Што гэта за месца?

– Пакуль не буду раскрываць карты, бо практыка мінулых гадоў паказвае: калі папярэдне называеш дату, час і месца правядзення мерапрыемства, то ва ўлад з’яўляецца падстава адмовіць нам.

Таму спачатку дачакаемся станоўчага адказу Мінгарвыканкама, а затым ужо абнародуем інфармацыю і будзем праводзіць актыўную кампанію па зборы сродкаў, якая, да слова, і так ужо ідзе. Каля 10 працэнтаў неабходнай сумы ўжо сабрана.

– Колькі ўвогуле трэба грошай?

– Паводле нашых падлікаў, каля 25 тысяч рублёў. Гэтыя грошы могуць забяспечыць і добрую якасць музычнага абсталявання, і сцэну, і запрашэнне музыкантаў. Хаця не выключаю, што могуць з’явіцца і дадатковыя выдаткі, якія, паводле заканадаўства, арганізатары павінны несці.

– Наколькі масавым плануеце зрабіць мерапрыемства?

– Калі атрымаем дазвол на святкаванне ў тым месцы, дзе запланавалі, то, думаю, людзей прыйдзе больш, чым у мінулым годзе.

– Можа, ужо вядомы тыя спевакі альбо гурты, якія пагадзіліся выступіць на Дзень Волі?

– Канкрэтных дамоўленасцяў пакуль няма, перамовы працягваюцца.

Павел БЕЛАВУС: «Мы ў гэты воз упрагацца не будзем»

– Нешта да Дня Волі мы, безумоўна, правядзём, але пакуль не вядома, што канкрэтна, – кажа кіраўнік “Арт-сядзібы”, адзін з арганізатараў святкавання ў гонар 100-годдзя БНР Павел Белавус. – Гэтым будзем займацца крыху пазней, бо зараз цалкам сканцэнтраваліся на арганізацыі мерапрыемстваў да Дня роднай мовы, які мы адзначым 22 лютага.

Як раней паведамлялася, у гэты дзень адбудзецца шматтысячны “MovaFest” – унікальнае мерапрыемства, якое аб’яднае бізнесменаў, грамадскіх актывістаў, творчую інтэлігенцыю і проста актыўных жыхароў Беларусі вакол адной тэмы – беларускай мовы. Падчас фестывалю мы пакажам і раскажам пра з’явы, крэатыўныя прадукты і рэчы, якія ствараюцца па-беларуску ці з выкарыстаннем роднай мовы.

Што тычыцца Дня Волі, то нейкія грандыёзныя мерапрыемствы дакладна ладзіць не будзем і канкурыраваць ні з кім не збіраемся. У нас ёсць некалькі ідэй, але вырашаем, у якім фармаце гэта зрабіць.

– Не збіраецеся далучыцца да палітыкаў, якія арганізоўваюць мітынг-канцэрт?

– Калі яны ўжо пацягнулі на сябе коўдру, то няхай у гэтым годзе ладзяць свята без нас. Паглядзім, што ў іх атрымаецца, а мы ў гэты воз упрагацца не будзем.

***

Газета «Народная Воля» № 14 (4472)