Анатоль Вярцінскі. Фота svaboda.org

14–16 лютага ў Мінску прайшоў ІХ Міжнародны паэтычны фестываль «Вершы на асфальце» імя Міхася Стральцова, які праводзяць сумесна Саюз беларускіх пісьменнікаў і Беларускі ПЭН-Цэнтр. У першы дзень гэтага прадстаўнічага форуму ўжо традыцыйна абвяшчаецца чарговы лаўрэат Стральцоўскай прэміі. Сёлета ім стаў адзін са старэйшых айчынных паэтаў Анатоль ВЯРЦІНСКІ – «за захаванне класічных літаратурных традыцый, вобразную разнастайнасць паэтычнай мовы, афарыстычнасць і грамадзянскасць паэзіі і эсэістыкі». Разам з дыпломам ён атрымаў і сваю новую кнігу, якую парупіўся выдаць СБП. У кулуарах фестывалю і адбыўся гэты дыялог з лаўрэатам.

– Анатоль Ілліч, прыміце віншаванне! Але найперш прызнайцеся: як вам удалося не атрымаць Дзяржаўную прэмію імя Янкі Купалы ў часы, калі дзяржпрэміі яшчэ давалі за літаратурную творчасць? У вас жа яшчэ пры савецкай уладзе адна за адной выходзілі выдатныя кнігі – «Тры цішыні», «Чалавечы знак», «З’яўленне», «Ветрана». Любая з іх вартая самай высокай узнагароды.

– Дзякуй за віншаванне! А тлумачэнне тут простае. У часы, калі выходзілі названыя табой кнігі, я працаваў у штаце Саюза пісьменнікаў – спачатку літаратурным кансультантам, потым сакратаром. І, прызнацца, мне тады было абсалютна абыякава – дадуць прэмію ці не дадуць. Пазней, калі я пакінуў працу і стаў так званым вольным мастаком, недахоп прэмій і звання, скажам так, адчуваўся.

– Вы маеце на ўвазе званне народнага паэта Беларусі? Дык гэта не чуткі, што вы яго ледзь не атрымалі?

– Не чуткі. Мая кандыдатура ў пачатку 1990-х была вылучана (аднагалосна) Радай Саюза пісьменнікаў і прайшла амаль усе этапы ўзгаднення, у тым ліку Савет міністраў. Дарэчы, у той час віцэ-прэм’ерам па культуры была Ніна Мазай, з якой мы пазней жылі ў адным доме і віталіся як добрыя знаёмыя.

– Дык а ў якой інстанцыі справа тармазнулася?

– Як ні дзіўна, у Вярхоўным Савеце, дзе я ў той час быў дэпутатам. Пра гэта мне расказаў незадоўга да свайго сыходу Ніл Гілевіч, які ўзначальваў адпаведную камісію. Ён прызнаўся мне, што так вырашылі члены камісіі.

– Перажывалі вы тады?

– Асабліва не перажываў. І нікому ніколі пра гэта не расказваў. Нават мае блізкія сябры, нават сын і дачка пра гэта не ведалі…

Поўны тэкст гутаркі Міхася Скоблы з Анатолем Вярцінскім чытайце ў газеце «Народная Воля» за 18 лютага