Падчас конкурснай праграмы на фестывалі “Каложскі Дабравест”

У сёлетні ХІХ міжнародны фестываль царкоўных песнапенняў, які традыцыйна праводзіцца ў Гродне, акрамя выступу хораў з розных краін свету ўключаны прэзентацыя зборніка вершаў, некалькіх выставаў і кіналекторый.

Праграма міжнароднага фестывалю “Каложскі Дабравест” сёлета абяцае быць вельмі насычанай. Найперш уражвае геаграфія прадстаўніцтва праваслаўных царкоўных хораў, якія будуць браць удзел: Беларусь, Польшча, Украіна, Расія, Латвія, Эстонія, Фінляндыя, Нідэрланды, Сербія, Румынія і ўпершыню ў конкурснай праграме возьме ўдзел праваслаўны хор з Ташкенту. Таксама ўпершыню для ўдзелу ў фестывалі ў Гродна прыедзе праваслаўны хор з Хантымансійскай аўтаномнай акругі Расіі.

“Паралельна з конкурснай праграмай фестывалю будзе праводзіцца цэлы шэраг іншых культурніцкіх мерапрыемстваў, — распавядае “Народнай Волі” адзін з арганізатараў айцец Павел Каспяровіч. – Адкрыецца выстава «Блаславёная Валянціна, духоўная патронка Мінскае зямлі». У межах кіналекторыю жадаючыя могуць паглядзець і паўдзельнічаць у абмеркаванні мастацкага фільма “Інтэрв’ю з Богам” амерыканскага рэжысёра Пэры Лэнга і шмат іншага”.

Асаблівую ўвагу айцец Павел завастрае на прэзентацыі ўжо другога зборніка паэтаў Гродзеншчыны “Каложскі Дабравест”, які падрыхтаваны адмыслова да фестывалю.

“Выданне па цяперашніх часах унікальнае, паколькі ўвасоблівае творчасць менавіта паэтаў Гродзеншчыны, якіх, дарэчы, і зараз у нас шмат, — падкрэслівае святар. – Пасля прэзентацыі падчас фестывалю, мы працягнем знаёміць з ім жыхароў раённых гарадоў. І наагул зборнікі плануем перадаць у школьныя і грамадскія бібліятэкі”.

Урачыстае адкрыццё фестывалю “Каложскі Дабравест” традыцыйна адбудзецца ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры 19 лютага. Конкурсная праграма працягнецца да 22 лютага.

Традыцыйна падчас фестывалю залы, ў якіх адбываюцца выступы праваслаўных хораў, якія бяруць удзел у конкурснай праграме, перапоўненыя.

Нагадаем, што “Каложскі Дабравест” пачынаўся амаль 20 год таму як конкурс сярод праваслаўных хораў Гродзенскай эпархіі. Але яго папулярнасць хутка разраслася і ён стаў міжнародным. Многія ў Гродне лічаць яго адным з самых цікавых культурніцкіх мерапрыемстваў у горадзе над Нёманам.