Фото из открытых источников

Эканаміст Сяргей Чалы адказвае на пытаньне, як каранавірус можа зьнізіць рост усясьветнай эканомікі, заяўляе, што беларуска-расейскія перамовы перайшлі ў стадыю «ды хопіць ужо размоваў, будзе так, як мы сказалі», і тлумачыць, чаму новыя ўмовы адносін па нафце і газе з Расеяй — самы горшы варыянт для Беларусі, перадае Радыё Свабода.

— Розныя міжнародныя структуры ўстрывожаныя разрастаньнем каранавірусу, занепакоеныя, як яго спыніць. Але, акрамя ўплыву на здароўе і пагрозу жыцьцю людзей, аналізуюць і магчымы эканамічны ўплыў гэтай хваробы на ўсясьветную эканоміку. Называюць лічбы 0,5–1 працэнт падзеньня ўсясьветнай эканомікі, які можа прынесьці гэты вірус. Ці лічыце вы такія прагнозы абгрунтаванымі? Якім чынам такі даволі лякальны вірус можа так сур’ёзна паўплываць на ўсю эканоміку сьвету?

— Так, гэта цалкам магчыма. Кітай цяпер значна болей інтэграваны ва ўсясьветную эканоміку, асабліва ў пэўныя вытворчыя ланцужкі. Кітай — вельмі важны рынак для многіх усясьветных кампаній, для вытворцаў аўтамабіляў, прадметаў раскошы і гэтак далей. Самі кітайцы складаюць значны працэнт усясьветнага турызму, пакідаючы ў іншых краінах шмат грошай, больш за іншых турыстаў.

Цяпер асноўная праблема — гэта пагроза глябальным кампаніям, якія заяўляюць, што мусяць дзе-нідзе ў Кітаі спыняць працу — Fiat, Nissan, Ikea, Apple. Кітай адмыслова працягнуў канікулы, зьвязаныя з кітайскім Новым годам. Так што ў цэлым атрымліваецца патройны ўдар — па-першае, зьніжэньне попыту (кітайскія пакупкі і кітайскі турызм), па-другое, спыненая вытворчасьць, і плюс — уласна кітайскі эканамічны рост.

Апошнім часам усясьветная эканоміка хоць і расла, але ацэнкі МВФ на бліжэйшыя гады былі каля 2,5 працэнта, што вельмі мала. І львіную долю гэтага росту даваў Кітай. Эканамічная сытуацыя ў Кітаі такая, што калі там запавольваецца эканамічная актыўнасьць, то рэзка абвастраецца праблема банкаў з кепскімі даўгамі. Дастаткова росту зьнізіцца ніжэй за 4 працэнты зь цяперашніх 6 працэнтаў (у якія мала хто верыць), каб зьявілася шмат сыстэмных праблемаў унутры.

— Яшчэ да каранавірусу апошнія год-два многія ўсясьветныя эканамічныя выданьні якраз даволі скептычна ацэньвалі эканамічныя пэрспэктывы Кітаю, прадказваючы зьніжэньне тэмпаў росту. Ці сапраўды Кітай і без каранавірусу зазнае даволі заўважныя эканамічныя праблемы?

— Канечне, усё ішло да гэтага. Кітай — гэта вядомая ў сьвеце гісторыя эканамічнага росту, які пачынаецца дзякуючы таму, што такія недэмакратычныя краіны здольныя мабілізаваць вялікія сродкі на ўнутраныя інвэстыцыі. Напачатку гэта дае моцны скачок эканамічнага росту і дабрабыту. Але потым празьмерныя інвэстыцыі ў невытворчыя актывы прыводзяць да таго, што рост запавольваецца. Гэта і наша беларуская гісторыя 2000-х гадоў, толькі ў меншых маштабах.

Пачынаючы ад 2008 году Кітай вельмі актыўна змагаецца з запавольваньнем сваёй эканомікі. Бо гэта як ровар, які ня можа спыніцца, іначай упадзе. У іх амаль няма сыстэмы сацыяльнага забесьпячэньня. І пакуль ствараюцца новыя працоўныя месцы, дык усё добра. Але як толькі эканоміка ўвойдзе ў рэцэсію, дык усе гэтыя балячкі вылезуць. А цяпер такое адчуваньне, што на Кітай зваліліся ўсе беды разам — і гандлёвыя войны з ЗША, і свае структурныя праблемы, і гэты каранавірус.

— Калі пракласьці мосьцік да беларускай тэматыкі, не адыходзячы ад кітайскай, то можна ўзгадаць, як істотна пашыраецца з кожным годам эканамічная прысутнасьць Кітаю ў Беларусі. Ці можа каранавірус паўплываць на гэта?

— Хутчэй гэта будзе адлюстроўвацца ва ўплыве Кітаю не наўпрост на нас, а на агульную дынаміку ўсясьветнай эканомікі, што ўплывае на Беларусь. Бо мы краіна, якая заўсёды была залежная ад замежнага сэктару, як у нас любяць казаць, «малая адкрытая эканоміка». І ўжо цяпер відаць, што адбываецца. Падаюць цэны на нафту, цэны на медзь, там трохгадовы мінімум, плюс запавольваньне ўсясьветнага гандлю. Любое запавольваньне ўсясьветнай эканомікі плюс падзеньне цэнаў на базавыя сыравінныя тавары нічога добрага нам не нясе. Бо ўнутраных крыніц эканамічнага росту ў Беларусі няма.

Была надзея, што пасьля правальнага ў замежным гандлі 2019 году мы зможам «адскочыць», і на гэта былі асноўныя надзеі — але выглядае, што гэтыя спадзяваньні ня спраўдзяцца. Крызісы, якія адбываюцца праз замежны гандаль, разьвіваюцца больш павольна, але трываюць даўжэй за фінансавыя крызісы. І цяпер да канца пакуль не зразумелая ані глыбіня, ані працягласьць крызісу, які будзе ў замежным гандлі.

— Напэўна, беларуская эканоміка найбольш зьвязаная з падзеямі на перамоўным расейска-беларускім фронце. І пасьля ўсіх гэтых раўндаў перамоваў, якія не прывялі да кансэнсусу, як выглядае энэргетычны балянс паміж дзьвюма краінамі?

— У мяне адчуваньне, што мы трапілі ў такую стадыю, калі ўжо зьнікла надзея на нейкае адносна пазытыўнае для нас вырашэньне пытаньня. Бо, як выглядае, і Расея ўжо ня бачыць нейкага сэнсу ў гэтых сустрэчах, і з нашага боку там усё больш эмоцый, а не аргумэнтаў. Калі паглядзець на заяву віцэ-прэм’ера Крутога (ня першую ў такім рэчышчы), то ён закідае прапагандысцкі тэзіс, што мы, маўляў, толькі гэтага і хацелі, і ўсясьветныя цэны на энэрганосьбіты — гэта толькі добра. У стылі «Лукашэнка ўсіх перамог».

Калі пачынаецца такое, то гэта яўная прыкмета, што аргумэнты, чаму цэны на газ павінны быць ніжэйшыя, — гэта ўсё ўжо не працуе. А яны сапраўды павінны быць ніжэйшыя, проста мы ня можам нармальна данесьці гэтую лёгіку. Або чаму Беларусі павінны кампэнсаваць страты ад падатковага манэўру — калі ня ўсе, то хаця б тыя, што зьвязаныя з адмоўнымі акцызамі, якія ўводзяцца ў Расеі? Так што надзея, што мы вернемся да ранейшай нармальнасьці, ужо памірае.

— Вы кажаце, што Менск ня можа давесьці нейкую сваю лёгіку. Але мне падаецца, што Масква разумее гэтую лёгіку, магчыма, нават прызнае яе слушнасьць, але адказвае — «Вы, можа, і маеце рацыю, але нам усё роўна, зьніжкі не дадзім».

— Так, здаецца, так гэта і выглядае. Зь іншага боку, гэта таксама вынік гэтых шматлікіх перамоваў, якія ні да чога не прывялі. Нават ня тое што вынікаў няма. Здаецца, ужо жаданьня з абодвух бакоў нешта слухаць няма. Перайшлі ўжо ў нейкую іншую рэальнасьць, у якой — «Ды хопіць ужо размоваў, будзе так, як мы сказалі».

— І ў гэтай новай рэальнасьці нейкія зьмены ў эканамічнай палітыцы могуць адбыцца? Я не кажу пра пытаньне «Ці пачне ўлада рэформы?», ня будзем гэта нават разглядаць. Але ж нейкія зьмены давядзецца рабіць?

— Цяпер новыя ўмовы адносін па нафце і газу з Расеяй — гэта самы горшы варыянт для нас. Бо ў нас нейкія антыкрызісныя крокі прадпрымаюцца, калі адбываецца рэзкі крызіс. Як толькі становіцца трошкі лепш, улады адразу кажуць — «А, ну цяпер усё добра, рабіць нічога ня трэба».

А тут цягам 2020–2024 гадоў мы будзем страчваць пэўныя вялікія сумы. Але паколькі гэта будзе адбывацца паступова, павольна, то стымулу штосьці радыкальнае рабіць няма. Таму я хутчэй чакаю ад нашых эканамічных уладаў праяваў апатыі і безвыходнасьці.

Эканаміст Сяргей Чалы адказвае на пытаньне, як каранавірус можа зьнізіць рост усясьветнай эканомікі, заяўляе, што беларуска-расейскія перамовы перайшлі ў стадыю «ды хопіць ужо размоваў, будзе так, як мы сказалі», і тлумачыць, чаму новыя ўмовы адносін па нафце і газе з Расеяй — самы горшы варыянт для Беларусі.